Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Салідарныя зь Беларусьсю” выйшлі і ў Інтэрнэт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Інфармацыйны цэнтар “Салідарныя зь Беларусьсю”, што месьціцца ў Варшаве, распрацаваў сваю інтэрнэт-старонку, на якой ужо можна знайсьці інфармацыю па-беларуску для студэнтаў, якія былі выключаныя са сваіх ВНУ ў Беларусі і хочуць працягнуць навучаньне ў Польшчы.

Незалежны інфармацыйны цэнтар “Салідарныя зь Беларусьсю” фактычна быў створаны 26 красавіка, калі актывісты Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі пераехалі з намёту, які працяглы час стаяў каля амбасады Беларусі, у офіс. Афіцыйна цэнтар адкрыўся 8 траўня – у дэпутацкім бюро дэпутаткі кіруючай партыі “Права і справядлівасьць” Малгажаты Гасеўскай.

Віталь Лоцманаў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі тлумачыць:

(Лоцманаў: ) “Гэты цэнтар зьяўляецца дапамогай да стыпэндыяльнай праграмы польскага ўраду – тут можна атрымаць інфармацыю, дзе можна вучыцца і як”.

У інфармацыйным цэнтры ўжо былі першыя наведвальнікі – гэта маладыя людзі, якія ў асноўным цікавяцца магчымасьцямі навучаньня ў Польшчы.

Цяпер частку інфармацыі, якая ёсьць у цэнтры, можна атрымаць і праз інтэрнэт – створаная старонка www.solidarni.соm. Там, сярод іншага, ёсьць апісаньне па-беларуску стыпэндыяльнай праграмы польскага ўраду для беларускіх студэнтаў і анкета, якую неабходна запоўніць, каб браць у гэтай праграме ўдзел.

Цікавыя таксама агульныя парады, што да жыцьця ў Польшчы, якія напэўна будуць прыдатныя для тых, хто толькі зьбіраецца прыехаць у гэтую краіну. Сам інфармацыйны цэнтар “Салідарныя зь Беларусьсю” знаходзіцца ў Варшаве на вуліцы Вашынгтона, 30.
XS
SM
MD
LG