Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Горадні пра фінансавыя санкцыі супраць чыноўнікаў?


Радыё Свабода, Горадня Рада Эўразьвязу ўхваліла фінансавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі й 35 іншых вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў, уціск грамадзянскай супольнасьці й перасьлед апазыцыі пад час прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году. Згодна з гэтым рашэньнем, будуць замарожаны ўсе выяўленыя рахункі й маёмасьць пэўных людзей у краінах Эўразьвязу. Свае адносіны да гэтага захаду выказалі мінакі.

(Малады спадар: ) “Я стаўлюся нэгатыўна да санкцыяў. Гэта няправільна. Таму што адносіны да нашых выбараў былі несправядлівыя, чынілася спроба аказаць ціск на нашу палітыку й прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта дасьць свае вынікі. Ува ўсялякім разе, трэба паказваць свае адносіны да таго, што здараецца ў суседніх краінах. Раз яны наклалі санкцыі, значыцца спрабуюць такім чынам паказаць, што незадаволены сёньняшняй палітыкай у Беларусі. Але ня больш за тое. Цяпер рэжым даволі-такі моцны, і санкцыі, на мой погляд, асабліва ні на што не паўплываюць. Чыноўнікам усё роўна: яны туды ня езьдзілі, ня езьдзяць і езьдзіць ня будуць”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, гэта абсалютна нічога ня дасьць. Тут створана такая сыстэма, што большасьць народу падтрымлівае гэтага чалавека. Мне здаецца, нават калі ў нас тут будуць жыць у зямлянках, — усё адно ўсе будуць ухваляць. Разумееце? Вось Фідэля Кастра вазьміце — тое ж самае. Гэта — як рэлігія. Нам папросту не пашанцавала. А санкцыі — яны бессэнсоўныя”.

(Сталы спадар: ) “Я думаю, санкцыі мусяць выклікаць нейкія сур’ёзныя рашэньні з боку нашага ўраду, у лепшы бок. У тым сэнсе, што яны можа нарэшце задумаюцца над чым-небудзь. Бо я думаю: тыя выбары, якія ў нас адбыліся, яны, напэўна, былі сфальсыфікаваны. Іншых слоў у мяне няма”.

(Малады спадар: ) “Яны нічога не дадуць, гэтыя санкцыі. Яны — неўжывальныя. Вы лічыце: людзі, што працавалі пры міністэрстве, ці сам прэзыдэнт маюць нейкую маёмасьць за мяжою, знаходзячыся ў стане канфрантацыі практычна з усім сьветам? А што яны выказалі сваё “ўсясьветнае “фі”, — ну, дык гэта іхнае права”.

(Дзяўчына: ) “Не, мне здаецца, гэта — няслушныя крокі. Таму што яны не прынясуць тых вынікаў, якіх ад іх чакаюць. Мне здаецца, ад санкцыяў няма карысьці”.

(Ейная сяброўка: ) “Я наагул — як грамадзянка Беларусі — супраць таго, каб іншыя краіны ўмешваліся ў нашу палітыку. Адбываецца папросту дыскрымінацыя”.

(Маладзён: ) “А я асабліва ў палітыку ня лезу. Ну, Лукашэнка ж сказаў: калі ў мяне ёсьць рахункі за мяжой, — няхай яны гэтыя грошы сабе возьмуць”.

(Спадар: ) “Гэта ўсё правільна й справядліва. Таму што нашы чыноўнікі гавораць, быццам, у іх няма маёмасьці за мяжою. Значыцца — гэта маёмасьць ім не належыць. Таму трэба яе забраць”.

(Сталы спадар: ) “Я ня супраць: няхай іхныя рахункі замарожваюць, калі яны гэтыя грошы незаконным чынам нажылі”.

Гл.таксама • Як рэагуюць палітыкі ў Менску на фінансавыя санкцыі Эўразьвязу?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG