Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч выйшаў на волю (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Раніцай 19 траўня выйшаў на волю намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён быў пакараны 15-цю суткамі арышту як заяўнік Чарнобыльскага шляху. Падчас мітынгу 26-га красавіка Віктар Івашкевіч разам зь некалькімі іншымі ўдзельнікамі акцыі выступіў каля прэзыдыюму Акадэміі навук, што, паводле ўладаў, было парушэньнем грамадзкага парадку.

Віктар Івашкевіч трапіў у турму на Акрэсьціна праз тыдзень пасьля таго, як там апынуліся лідэры апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў, Вінцук Вячорка й Зьміцер Дашкевіч. Палітычных зьняволеных на той момант трымалі асобна.

Гаворыць Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Як мне потым казалі, нашых палітычных трымалі ў камэрах разам з адным-двума сукамэрнікамі. Ну, я, відаць, ніжэй па рангу, таму быў зь пяцю, чатырма, трыма — па-рознаму. Потым перавялі мяне ў камэру, дзе быў Калякін. Пабачыў, як ён там адпачываў”.

Віктар Івашкевіч ня першы раз трапіў у камэру на Акрэсьціна. Ён з гумарам ставіцца да ўмоў утрыманьня:

(Івашкевіч: ) “Можна сказаць, што цяпер усе арыштанты мараць, каб да іх у камэру кінулі аднаго палітычнага. У зьвязку з гэтым, у іх рэзка падвышаецца жыцьцёвы ўзровень утрыманьня: у сэнсе харчовых прадуктаў, а таксама — стаўленьня адміністрацыі. Зьявіліся сьценкі ў прыбіральні.

Калі я там быў, адзін хлопец прыгадаў словы нямецкага авіятара, які прызямліўся на Краснай плошчы ў Маскве. Выходзячы з турмы, той сказаў: “Я разумею, што вінаваты, і заслужана адседзеў. Толькі не зразумеў, чаму мяне ўвесь час трымалі ў туалеце”. Жыць у туалеце, вядома, непрыемна”.

У турме на Акрэсьціна застаюцца Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Драздоў і Алесь Стральцоў. Хлопцаў арыштавалі па дарозе ў суд Маскоўскага раёну за наяўнасьць на заплечніках значкоў “За свабоду”.

З тае прычыны, што ў Адміністратыўным Кодэксе за гэта не прадугледжана пакараньня за значкі "За свабоду!", моладзевых актывістаў зьвінавацілі за дробнае хуліганства. Юнакі выйдуць на волю 1 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG