Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць у Менску на фінансавыя санкцыі Эўразьвязу?


Алесь Дашчынскі, Менск Як рэагуюць у Менску на ўвядзеньне Эўразьвязам фінансавых санкцый адносна 36-ці афіцыйных асоб у Беларусі — уключна з Аляксандрам Лукашэнкам?

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік не прымае ўсур’ёз такое палітыкі Эўразьвязу й заяўляе, што езьдзіць за мяжу ў яго няма жыцьцёвай патрэбы.

(Лазавік: ) “Дэбілізм самы натуральны. Тым больш, сьпіс непрадуманы, неаргумэнтаваны, беспадстаўны — тут няма прававой асновы”.

Старшыня менскага выбаркаму дэпутат Ігар Карпенка, які таксама трапіў у сьпіс 36-ці, сказаў:

(Карпенка: ) “Гэта праблемы Эўразьвязу. Мяне гэтае пытаньне не хвалюе. Няхай Эўразьвяз не хвалюецца: у мяне няма замежных рахункаў”.

Начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі пакінуў без камэнтароў рашэньне Эўразьвязу: маўляў, яго не цікавяць уведзеныя санкцыі.

Яшчэ адзін фігурант сьпісу — дэпутат Сяргей Касьцян заявіў, што санкцыі ўведзены пад уплывам ЗША.

(Касьцян: ) “Чаго яны баяцца? Любяць так і так хвалююцца за дэмакратыю й за беларускі народ заняволены? Дык няхай бы гэтаму беларускаму народу раскрылі вочы: пабачце — вось у такіх банках, у такіх краінах на рахунках ляжаць вашы грошы, украдзеныя чыноўнікамі на чале з прэзыдэнтам. Няхай надрукуюць”.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што заўсёды быў прыхільнікам кропкавых, а не агульных санкцый супраць краін.

(Мілінкевіч: ) “Я заўсёды быў прыхільнікам кропкавых санкцый супраць тых людзей, што парушаюць законы. Можа, і ня знойдуцца гэтыя рахункі, можа, іх не існуе. Але гэта — маральны ціск, і ён надзвычай важны. Чалавек павінен зразумець, што робіць несправядліва й будзе за гэта пакараны. Я за падобныя кропкавыя санкцыі”.

Паводле актывіста БСДП (Грамада) Уладзімера Нісьцюка, Эўразьвяз павінен вярнуцца да пакрокавай стратэгіі адносна Беларусі.

(Нісьцюк: ) “Цяпер ня трэба нікому з блізкіх да Лукашэнкі чыноўнікаў ехаць за мяжу. Па-першае, ён сам іх туды не пускае. Па-другое, які цяпер дурань будзе адкрываць рахункі за мяжой на сваё імя? Ён, канечне ж, адкрые на імя падстаўных асоб. Таму гэта ўсё бессэнсоўна й неэфэктыўна”.

Зь меркаваньня сябра АГП Яраслава Раманчука, эканамічныя санкцыі адносна чыноўнікаў маюць, хутчэй, палітычны й псыхалягічны эфэкт.

(Раманчук: ) “Эўразьвяз паслаў вельмі магутны сыгнал для намэнклятуры, для тых, хто працуе ў Беларусі: мы за вамі сочым, і вы ня будзеце вольнымі ў тым, каб распараджацца грашыма, незаконна заробленымі ў рамках таталітарнай дзяржавы”.

Нагадаем: санкцыі ўведзены ў кантэксьце мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, вынікаў якіх не прызналі краіны Эўразьвязу. Яны прадугледжваюць арышт банкаўскіх рахункаў і нерухомасьці беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньне міжнародных выбарчых стандартаў і рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазыцыі ды грамадзянскай супольнасьці.

Гл.таксама • Рада Эўрапейскага зьвязу пастанавіла замарозіць рахункі беларускіх чыноўнікаў
XS
SM
MD
LG