Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная прэса выжывае нягледзячы на перашкоды


Ганна Соўсь, Менск Прадпрыемствы Міністэрства інфармацыі ня будуць працаваць зь недзяржаўнай газэтай “Народная Воля”. Пра гэта паведаміў галоўнаму рэдактару газэты міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч. Нягледзячы на адмову менскіх уладаў у юрыдычным адрасе, газэта “Наша Ніва” працягвае выходзіць, і нават расьце колькасьць ейных чытачоў. “БДГ. Деловая газета” ўсё яшчэ не аднавіла выхаду й пакуль існуе ў электроннай вэрсіі. Якая ж на сёньня сытуацыя зь беларускімі незалежнымі мэдыямі?

У апошнім нумары “Народнай Волі” зьмешчаны заклік да чытачоў пералічваць перадаплату за газэту адразу на тры месяцы наперад — да верасьня. Як патлумачыў галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, раней перадаплату бралі толькі на месяц: вяліся перамовы з уладамі, і супрацоўнікі не гублялі надзеі, што “Народная воля” вернецца ў беларускую друкарню. Аднак міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч у размове з Іосіфам Сярэдзічам паставіў кропку ў гэтым пытаньні.

(Сярэдзіч: ) “Міністар інфармацыі заявіў: “Прадпрыемствы Міністэрства сувязі з “Народнай Воляй” працаваць ня будуць”. Таму мы вырашылі: каб далей не ганяць нашых чытачоў праз кожныя два-тры тыдні на пошту ці ў філіял “Беларусбанку”, няхай робяць перадаплату на тры наступныя месяцы”.

Ад леташняга кастрычніка “Народная Воля” пазбаўлена магчымасьці друкавацца й распаўсюджвацца ў Беларусі праз сыстэму “Саюздруку”, а з 2006 году — і праз сыстэму “Белпошты”. Газэта наладзіла ўласную сыстэму распаўсюду, і пакуль змушана выходзіць два разы на тыдзень падвойнымі нумарамі.

Сваю форму распаўсюду мае й недзяржаўная газэта “Наша Ніва”, гэтаксама пазбаўленая мажлівасьці распаўсюду праз сыстэму “Саюздруку”. Галоўны рэдактар “НН”Андрэй Дынько зазначае, што ў такіх складаных умовах у газэты павялічваецца колькасьць чытачоў. Рэдакцыя абскардзіла атрыманы месяц таму ліст зь Менгарвыканкаму адносна немэтазгоднасьці разьмяшчэньня выданьня ў Менску, раз ейны рэдактар знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам у часе пасьлявыбарчых пратэстаў. Адказу ад менскіх уладаў пакуль няма.

Рэдакцыя працягвае збор лістоў на падтрымку хадайніцтва да літоўскага ўраду пра ўключэньне “Нашай Нівы” ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Гаворыць галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько.

(Дынько: ) “Улады не наважваюцца закрыць усе незалежныя выданьні адразу. Яны хочуць гэта рабіць ціха. Яны ціснуць. Вось “Народную Волю” штрафавалі моцна, не далі друкавацца, выціснулі за мяжу, пасьля не далі распаўсюджвацца. Таксама рэгіянальныя газэты… Некаторыя яны пазачынялі, некаторыя прыпынілі, іншыя выгналі з распаўсюду. А яшчэ некаторыя — спачатку выгналі, пасьля вярнулі. І гэтым самым ствараецца ўражаньне, што ў нас ёсьць нейкая доза свабоды прэсы, дэмакратычны фасад захоўваецца. Але абсалютна зразумела, што гэтыя ўлады маюць цьвёрды курс вынішчыць усе крыніцы незалежнай інфармацыі ўнутры краіны”.

Дагэтуль не выходзіць “БДГ. Деловая газета”. Рэдакцыя пакуль стварае толькі электронную вэрсію. Сёлета ў сакавіку выхад выданьня быў часова прыпынены ў сувязі зь няяснасьцю становішча: з друкарняй, з увозам у Беларусь і распаўсюджаньнем. Як паведаміў Радыё Свабода выдавец “БДГ. Деловой газеты” Пётр Марцаў, пакуль складана гаварыць, калі будзе адноўлены выхад газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG