Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька і Янукевіч правялі шэраг важных сустрэчаў у Вашынгтоне


Ірына Віданава, Вашынгтон На гэтым тыдні ў Вашынгтоне знаходзяцца Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька і Намесьнік Старшыні БНФ Аляксей Янукевіч. Яны ўзялі ўдзел у паседжаньні Пастаяннага Камітэту Міжнароднага Дэмакратычнага Зьвязу, а таксама правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Кангрэса і ўраду ЗША. Беларускіх палітыкаў прыняў памочнік Прэзідэнта ЗША доктар Краўч, дырэктар аддзелу Цэнтральнай, Усходняй і Паўночнай Эўропы ў радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША Дэйман Уілсан, намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмэр і іншыя афіцыйныя асобы.

Міжнародны Дэмакратычны Зьвяз зьяўляецца сусьветнай арганізацыяй права-цэнтрычных партыяў. У паседжаньні Пастаяннага Камітэту ўзялі ўдзел прадстаўнікі трыццаці пяці партыяў, якія абмеркавалі шырокі спэктар міжнародных праблемаў. Па словах Анатоля Лябедзькі, беларускае пытаньне знаходзілася ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў паседжаньня, якія таксама прынялі спэцыяльную рэзалюцыі па сытуацыі ў Беларусі.

(Лябедзька:) “Была прынята вельмі канкрэтная рэзалюцыя па Беларусі, якая адлюстроўвае пытаньні палітычных вязьняў, непрызнаньня легітымнасьці выбарчай кампаніі і неабходнасьці узьдзеяньня на Расею, як фактар, які ўплывае на разьвіцьцё падзеяў у Беларусі”.

Сустрэчы ў Вашынгтоне прадэманстравалі, што тут уважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі і выдатна разумеюць сытуацыю, якая склалася ў краіне. На думку Аляксея Янукевіча, высокі ўзровень сустрэчаў і надзвычайная цікаўнасьць да беларускага пытаньня ёсьць таксама вынікам пасьпяховай дзейнасьці беларускіх дэмакратычных сілаў падчас і пасьля прэзідэнцкіх выбараў.

(Янукевіч:) “Я думаю, што такая вялікая цікаўнасьць да Беларусі і высокі ўзровень сустрэчаў зьвязаныя з тымі вынікамі, якіх дэмакратычныя сілы здолелі дасягнуць падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Мы прадэманстравалі, што мы можам працаваць разам, што мы не маргінальная сіла, а сіла, якая мае шырокую падтрымку ў грамадзтве. Беларускае грамадзтва сапраўды абудзілася падчас гэтых выбараў і гатовае да дзеяньня. Міжнародная ўвага да Беларусі ня ёсьць жаданьнем нешта ў Беларусі зьмяняць. Гэта водгук на тыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Яны бачаць, што адбываецца зьмена сьвядомасьці, што пашыраецца колькасьць прыхільнікаў пераменаў. Яны ідуць за намі і хочуць адпавядаць тым чаканьням, якія мае сёньня беларускае грамадзтва, беларускі народ”.

У ходзе візыту вялікая ўвага надавалася палітыцы Расеі ў дачыненьні да Беларусі, асабліва ў зьвязку з самітам Вялікай Васьмёркі, які мае адбыцца ў ліпені ў Санкт-Пецярбурзе. Абмяркоўваліся санкцыі ў дачыненьні да беларускага ўраду, а таксама пытаньні далейшай падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі.

(Лябедзька:) “Безумоўна сёньня ўвага на палітычным узроўні да Беларусі папросту велізарная. Падчас нашых сустрэчаў мы таксама гаварылі пра дапамогу. Мы робім акцэнт на тое, што не патрэбная дапамога для нейкай партыі, нейкага палітыка. Дапамогу, якая прыходзіць у Беларусь, павінны адчуваць сярэднестатыстычныя грамадзяне нашай краіны”.
XS
SM
MD
LG