Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Псыхушкі" гатовыя прымаць пацыентаў"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава „Gazeta Wyborcza” піша, што беларускія ўлады пачынаюць выкарыстоўваць псыхіятрычныя клінікі для барацьбы са сваімі палітычнымі праціўнікамі, а таксама “занадта актыўнымі грамадзянамі”.

“Gazeta Wyborcza” апісвае справу старшыні віцебскага жыльлёва-будаўнічага каапэратыву № 127, 55-ці гадовай Жаны Паповай, якую год таму пачалі перасьледаваць “за тое, што яна дамагалася сумленнай працы ад кіраўніцтва жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі”.

“Спадарыня Папова не займалася палітыкай, толькі не магла пагадзіцца з карупцыяй і дамагалася справядлівасьці... 17 чэрвеня летась да яе ў кватэру ўварваліся трое афіцэраў міліцыіі ў цывільным, потым быў ператрус і, насуперак паказаньням сьведкаў, абвінавачаньні ў тым, што Жана Папова займала пасаду старшыні жыльлёва-будаўнічага каапэратыву незакона”, - піша штодзёньнік, ды адзначае, што спадарыню Папову абвінавацілі яшчэ і ў нападзе на трох міліцыянтаў.

“Wyborcza” паведамляе, што суд у справе Жаны Паповай адбыўся толькі праз год (гэтымі днямі) і хаця ўсе былі ўпэўненыя, што яе апраўдаюць, “судзьдзі, якая вядзе справу, нехта патэлефанаваў перад абвяшчэньнем выраку і судзьдзя пастанавіла накіраваць спадарыню Папову на абсьледаваньне ў псыхіятрычны шпіталь”.

Газэта адзначае, што на такое ж абсьледаваньне нядаўна быў накіраваны і Мікалай Розумаў – які ў часе прыезду ў Воршу Аляксандра Мілінкевіча і ягонай сустрэчы з жыхарамі гораду, адкрыта крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

“Сыстэма псыхіятрычнага лячэньня ў Беларусі дакладна такая самая, як калісьці была ў Савецкім Саюзе. Там працуюць тыя ж людзі. “Псыхушкі” гатовыя прымаць “пацыентаў” – чакаюць толькі загаду”, - піша “Gazeta Wyborcza”.
XS
SM
MD
LG