Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску праблемы з заробкам


Юлія Шарова, Менск Агляд незалежнай беларускай прэсы за 19 траўня

Інтэрнэт-выданьне “Салідарнасьць” піша пра новыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца бацькі, калі хочуць напярэдадні летніх вакацыяў заверыць у ЖЭСах дазволы на выезд сваіх дзяцей за мяжу. Супрацоўнікі некаторых ЖЭСаў пачалі спасылацца на нейкае распараджэньне, згодна зь якім дазволамі на выезд займаюцца толькі АВІР і натарыюсы. Аднак такіх распараджэньняў не існуе. Верагодна, супрацоўнікі ЖЭСаў на свой лад трактуюць прынцып “аднаго акна”…

“Суботнікаў болей, работнікаў меней” – артыкул пад такой назвай надрукаваны ў сьвежым нумары сьветлагорскай газэты “Ранак плюс”. Усё меней у Сьветлагорску ахвочых падпісваць ведамасьць пералічэньня дзённага заробку ў фонд суботнікаў. Апавядае галоўны рэдактар газэты Андрэй Ліпскі.

(Ліпскі: ) “Разьлічвалі на 700 мільёнаў рублёў папоўніць раённы бюджэт. Пакуль – а суботнік адбыўся 8 красавіка – пералічана толькі 270 мільёнаў. Бюджэтнікі як заўсёды наперадзе плянэты ўсёй, а працоўныя лепей уяўляюць, як даецца кожная капейка. 20 тысячаў за адзін дзень працы аддаць – як гэта потым навярстаеш? У працоўных ніякіх прыробкаў няма”.

А яшчэ ў супрацоўнікаў сьветлагорскіх дзіцячых садкоў зьвіліся праблемы з атрыманьнем заробкаў, паведамляе “Ранак плюс”. Як выяўляецца, у мясцовым бюджэце пуста, плаціць заробкі няма чым, бо прадпрыемствы ў першай дэкадзе траўня амаль не працавалі, а сьветлагорскі бюджэт папаўняецца літаральна “з колаў”: не пасьпеюць грошы туды патрапіць, як іх забіраюць для разьлікаў па заробках.

Віцебскі праграміст мяхлярыў з інтэрнэт-крамамі й банкамі пяці краінаў – пра гэта можна прачытаць у сёньняшнім “Витебском курьере”. Ён замаўляў дарагія тавары ў Вялікай Брытаніі, ЗША, Канадзе, Ганконгу й Новай Зэляндыі, выкарыстоўваючы рэквізыты банкаўскіх картак звычайных амэрыканцаў, альбо пры дапамозе адмысловай праграмы, якая дазваляе падмануць плацёжныя сістэмы інтэрнэт-крамаў. Цяпер хакер можа трапіць за краты гадоў на пяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG