Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму эўрапейскія краіны байкатавалі канфэрэнцыю Інтэрполу?


Іна Студзінская, Менск З 46 краінаў – сябраў Інтэрполу – у Міжнароднай канфэрэнцыі крымінальнай паліцыі ў Менску ўзялі ўдзел прадстаўнікі толькі 12 краінаў. Ніводны прадстаўнік Эўразьвязу, гэтаксама як і чатыры віцэ-прэзыдэнты Інтэрполу, у Беларусь не прыехалі. Асноўная прычына – палітычная: Эўразьвяз не прызнаў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, а міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў абвешчаны Брусэлем пэрсонай нон-грата. Але ж у парадку дня канфэрэнцыі былі пытаньні крымінальныя: тэрарызмам і арганізаваная злачыннасьць, нелегальная міграцыя, гандаль людзьмі. Як палітычныя аспэкты могуць ўплываць на барацьбу з крыміналам?

Інтэрпол – незалежная арганізацыя, якая стаіць па-за палітыкай, займаецца выключна барацьбой зь міжнароднымі крымінальнымі злачынствамі. Але менскую канфэрэнцыю Інтэрполу эўрапейскія спэцыялісты сыску праігнаравалі.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, генэрал Валер Паўлаў, які цяпер зьяўляецца сябрам Грамадзкай Палаты пры прэзыдэнце Расеі Пуціне, выказаў наступнае меркаваньне:

(Паўлаў: ) “Так, гэта сапраўды палітыка, і палітыка вельмі высокага ўзроўню. Палітыка ў дачыненьні дзяржавы, якая праводзіць не ўласьцівую Эўразьвязу палітыку, накіраваную на стварэньне інстытуту палітзьняволеных, палітыку, калі зьнікаюць вядомыя палітыкі. І вось, каб побач з гэтай палітыкай не знаходзіцца, ня дыхаць гэтым паветрам і не даваць індульгенцыю палітыцы беларускіх уладаў, спрацавала высокая палітыка Эўразьвязу. Таму яны ня хочуць пэцкацца з гэтай беларускай палітыкай”.

Былы сьледчы гарадзкой пракуратуры праваабаронца Алег Волчак лічыць, што ў Беларусі ёсьць шмат вельмі важных, цікавых Інтэрполу праблем: і нелегальная міграцыя, і трафік наркабізнэсу, і ўгон аўтамабіляў, але пакуль перамагае іншы фактар. Меркаваньне Алега Волчака.

(Волчак: ) “Напэўна, міжнародная супольнасьць у асобе Інтэрполу проста хоча адмежавацца ад беларускіх уладаў да тае пары, пакуль тут ня будзе дэмакратычнага ўраду. А пакуль паляпшэньня стасункаў з такімі арганізацыямі ня будзе.”.

Сябра камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян выказаў такое меркаваньне:

(Касьцян: ) “Эўразьвяз вядзе палітыку падвойных стандартаў. Ні за якія правы чалавека там няма ніякай барацьбы. Там голая палітыка – зламаць, задушыць дзеля сваіх асабістых інтарэсаў. Тое, што Эўразьвяз абвяшчае барацьбу з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй – гэта ўсё фікцыя, яны вядуць барацьбу за падпарадкаваньне сьвету сваім інтарэсам”.

Ксенія Красоўская, дачка зьніклага ў 1996 годзе разам з палітыкам Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, перакананая:

(Красоўская: ) “Палітыка палітыкай, а калі ў краіне чалавек ня можа нават жыцьцём сваім распараджацца, за яго гэта нехта вырашае, то пра што можна гаварыць? Усё ж такі Інтэрпол – гэта паліцыя, паліцэйская арганізацыя, а наша міліцыя са сваімі задачамі не спраўляецца. Нельга аддзяліць палітыку ад астатніх сфэраў, усё гэта ўзаемазьвязана”.
XS
SM
MD
LG