Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі ўрадаў краінаў ЭўраАзЭС падпішуць у Менску чарговае пагадненьне


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску зьбяруцца кіраўнікі ўрадаў Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі, Таджыкістану -- краінаў, якія ўваходзяць у Эўразійскую эканамічную супольнасьць, а таксама Ўзбэкістану, які далучыўся да гэтай арганізацыі, але пакуль не цалкам аформіў усе тэхнічна-прававыя пратаколы і працэдуры. Яны абмяркуюць бягучыя і пэрспэктыўныя пытаньні супольнасьці.

Пры стварэньні Эўразійскай эканамічнай супольнасьці шмат казалі пра яе бліскучыя пэрспэктывы. Гадамі цьвердзяць (апошнім часам, праўда, ужо менш), што менавіта гэта супольнасьць стане прыкладам сапраўднай інтэграцыі, што менавіта тут насамрэч запрацуе рэжым свабоднага гандлю, што менавіта сюды хлынуць велізарныя замежныя інвэстыцыі.

Аднак рэчаіснасьць значна адрозьніваецца ад спадзяваньняў,-- канстатуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук:) "Калі стваралі ЭўрАзЭС, дык бюракраты з гэтых краінаў спадзяваліся, што ў іх будзе дадатковае месца, дзе яшчэ можна зарабіць. Так яно і атрымалася. У гэтым сэнсе ЭўрАзЭС нічым не адрозьніваецца ад дзясяткаў іншых бюракратычных структураў, якія ня маюць нічога агульнага з тымі арганізацыямі, што рэальна ствараюць сфэру вольнага гандлю, перамяшчэньня тавараў, фінансаў, паслуг ды рабочай сілы. А ЭўрАзЭС ад самага пачатку быў спробай зрабіць нейкую іншую форму для СНД. Але паколькі Расея не гатовая адкрыцца на свабодную канкурэнцыю нават з гэтымі краінамі, таму спробы рэстаўрацыі сацыялізму і імпэрыі ня маюць пэрспэктывы".

Да тых 80-ці з гакам пагадненьняў, што ўжо існуюць у рамках супольнасьці, сёньня ў Менску зьбіраюцца падпісаць яшчэ адно -- пра перасячэньне перавозчыкамі дзяржаўных межаў краінаў супольнасьці. Міністар эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка ўпэўнены: новыя дакумэнты дазволяць пазьбегнуць непатрэбных фармальнасьцяў і будуць садзейнічаць экспарту айчынных тавараў:

(Зайчанка:) "Менавіта таму беларускі бок ініцыяваў падрыхтоўку такога пагадненьня, каб хутчэй прасоўваць эканамічныя інтарэсы нашай краіны". Незалежныя экспэрты скептычна ставяцца да такога кшталту пагадненьняў. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што амаль за 6 год Эўразыйская эканамічная супольнасьць так і не стварыла мытнага саюзу. А менавіта гэта разам з рэжымам свабоднага гандлю заяўлялася стваральнікамі супольнасьці як самае галоўнае.

Дарэчы, генэральны сакратар Эўразыйскай эканамічнай супольнасьці Рыгор Рапота ўчора паведаміў, што "цяпер мы знаходзімся на стадыі арганізацыі мытнага саюзу". Нагадаем, сама супольнасьць была ўтвораная напрыканцы 2000 году. Хаця заснавальнікі неаднаразова падкрэсьлівалі, што ЭўрАзЭС -- адкрытая арганізацыя, за гэты час да яе далучыўся толькі Ўзбэкістан.
XS
SM
MD
LG