Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку расьце актыўнасьць казакоў


Вячаслаў Кулік, Менск У Слуцку на Меншчыне ў гэтыя дні адбылося царкоўнае асьвячэньне сьцягу тутэйшага аддзелу казакоў. Паводле Усебеларускага аб”яднанага казацтва, гэта першая акцыя з тых, што плянуюцца ў бліжэйшы час ў раённых цэнтрах.

Актыўнасьць слуцкіх казакоў зьдзіўляе нават мясцовых жыхароў. Са словаў Аляксея Горбача, амаль сто чалавек сталі ў парадны шыхт ля Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага сабору.

(Горбач: ) “За апошнія паўгода яны зрабілі чамусьці вельмі магутны рывок у разьвіцьці. Калі, напрыклад, адбывалася закладка каменю ў капліцы 1-га гарадку, то іх было ўсяго трое – атаман й хлопчыкі”.

Атаман у Слуцку – былы савецкі вайсковец Валеры Паўлаў.

(Паўлаў: ) “Тут ёсьць людзі паходжаньнем з Кубані, Уралу ды іншых зямель казацтва. Але мы лічым сябе беларускімі казакамі. І колер лямпасаў у нас – зялёны. Больш такіх няма – толькі ў нас”.

Перабежчыкамі называе случакоў казацкі генэрал зь Менску Сяргей Нікалаенка й даводзіць, што ў Беларусі адбываецца раскол атаманскага войска.

(Нікалаенка: ) “У нас было ўсё, як у казакоў. Але ж прыйшлі прапаршчыкі, якія не змаглі стаць афіцэрамі, калі служылі ў войску. А цяпер яны захацелі стаць адразу генэраламі. З гэтага ўсё пачалося”.

Дасьледчык гісторыі Случчыны Ігар Ціткоўскі лічыць невыпадковым актыўнасьць людзей, якія называюць сябе казакамі. Суразмоўца адзначае, што мясцовая ўлада не вітае, напрыклад, мерапрыемствы па ўшанаваньню герояў Слуцкага збройнага чыну, затое падтрымлівае сумнеўныя ініцыятывы.

(Ціткоўскі: ) “Канешне, у гэтай справе трэба бачыць перасьцярогу, што пераважна гэта не мясцовыя людзі. Яны слаба ведаюць гісторыю Беларусі. Не надта вялікія патрыёты. Больш яны жывуць усё-такі праблемамі тых мясьцінаў, адкуль самі родам”.

Як раней паведамляла Радыё Свабода, беларускі скульптар Міхась Інькоў стварыў макет помніка слуцкім паўстанцам 1920 году. Гэта кампазыцыя з выявай паўстанца й шасьціканцовага крыжа. Усталяваць помнік у Слуцку плянавалася да 85-й гадавіны збройнага чыну. Ад той даты мінае ўжо сёмы месяц...
XS
SM
MD
LG