Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй "жывых" рэчаў у Ракаве


Радыё Свабода Арт-галерэя братоў Янушкевічаў у Ракаве – музэй незвычайны. Па-першае, гэта адзіны ў краіне прыватны музэй прафэсійнага мастацтва. Па-другое, гэта жывы музэй. Тут да ўсяго дазваляецца дакранацца. Можна пакаштаваць сапраўднай ракаўскай вяндліны, вырабленай па старажытных рэцэптах. Можна пакруціць стогадовыя жорны. Можна пасьвісьцець у дзіцячую гліняную цацку, знойдзеную на замчышчы. Можна нават пакурыць, карыстаючыся бронзавай попельніцай 19-га стагодзьдзя.

За звычайнай брамай, абабітай бляхай, наведніка чакае цалкам незвычайны сьвет. Кожная рэч гэтага сьвету, як сьцьвярджае мастак Фэлікс Янушкевіч, гэта доказ існаваньня ракаўскай цывілізацыі.

Напрыклад, борць.

(Фэлікс: ) “Бачыш, пчолкі заляталі. Не было ж раней вульлёў. Рамы ня было. Мёд у борці смачнейшы, чым у вульлях. Пчолкі ня хочуць працаваць на чалавека-эксплюататара. Ніхто ня любіць эксплюатацыю. Гэта нармальна. Калоду прывезьлі, кінулі мне ў двор. Я да сёньня ня ведаю, хто гэта прывёз. Яе каб падняць чатыры чалавекі трэба. Хто гэта зрабіў?”

Мастак прапануе мне пакруціць старыя жорны.

(Фэлікс: ) “І дзеўкі ў нас былі моцныя. Кожная ракаўская дзеўка садзілася і… (круціць жорны) Мука без хімічных дабавак. Толькі дзяўчаты займаліся гэтай работай. А во, дарэчы, мужыкі ад жонак захоўвалі залацішка. Засыпалі ўсё гэта золатам”.

(Карэспандэнт: ) “У куфар?”

(Фэлікс: ) "Гэта сэйф. Два замкі. Ручкі няма, не падымеш. Суседа не паклічаш. Сямейны запас".

Дзіцячая цацка, ня большая за напарстак. А гучыць, як дуда.

(Фэлікс: ) "Ня тое, што зараз робяць. Дзеці сьвісьцяць, а не чуваць. (Сьвісьціць). Сапраўдныя салаўі. Купіў – і паступай у кансэрваторыю".

Фэлікс адкрыў, чаму беларускія шлюбы такія недаўгавечныя. Уся справа ў шлюбных бомах.

(Фэлікс: ) “Сёньняшнія рок-бандыты ўключаючы ўсю сваю банду не дагоняць гэты гук. (Звоніць) Я ціха званю. А гэта ж музычны інструмэнт. Кожны падпісаны. Пад канкрэтную кабыліцу. Зараз каля ЗАГСа папілікалі і паехалі ціха. І ўсё развальваецца. Пад 50 працэнтаў. Таму, што няправільна арганізаваны працэс. Увасьлед ляцяць праклёны, насланьнё, сурокі. Гэта (звоніць) павінна ўсю дарогу адганяць. За дзесяць кілямэтраў чулі – едзе вясельле”.

Ёсьць такое паняцьце: мёртвыя словы і мёртвыя рэчы. Да ракаўскай цывілізацыі яны ня маюць аніякага дачыненьня...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG