Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленінскі райсуд спыніў справу супраць моладзевай актывісткі А. Сіўчыкавай


Радыё Свабода Алеся Сіўчыкава падазравалася ў абразе гонару і годнасьці журналіста БТ Дзяніса Бальшакова. Бальшакоў абвінавачваў Сіўчыкаву ў пасланьні яму абразьлівых SMS-паведамленьняў.

Дзяніс Бальшакоў сёлета ў сакавіку быў аўтарам шэрагу сюжэтаў Беларускага тэлебачаньня пра тое, што жыхары намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы Менску нібыта мелі пры сабе порначасопісы і наркотыкі. У адказ у Інтэрнэце быў зьмешчаны нумар мабільнага тэлефону Бальшакова з заклікам да моладзі выказаць свае адносіны да “творчасьці” гэтага чалавека. Алеся Сіўчыкава напісала яму паведамленьне наступнага зьместу:

“Дзяніс. Выдатная ідэя з наркотыкамі і порна. Студэнты журфаку на Акрэсьціна цябе ніколі не забудуць!”

Бальшакоў палічыў, што гэтае паведамленьне абражае ягоныя гонар і годнасьць і папрасіў міліцыянтаў прыцягнуць аўтарку да адказнасьці. Разам з Алесяй у гэтай справе праходзілі Аляксей Нікуляк і Ігар Сечка, якія таксама слалі паведамленьні на мабільнік Бальшакова.

Падчас разгляду гэтай справы, спадары Нікуляк і Сечка заключылі з Дзянісам Бальшаковым мірнае пагадненьне, і пазовы да іх былі спыненыя. А справа Алесі Сіўчыкавай была спыненая з-за адсутнасьці ў яе дзеяньнях складу правапарушэньня. Судзьдзя Валянціна Зяньковіч ня ўбачыла ў SMS-паведамленьні Алесі абразы гонару й годнасьці Бальшакова.
XS
SM
MD
LG