Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аблога” — весткі зь беларускага Сеціва ад 19 траўня


Дзьмітрый Падбярэскі, Менск

На сайце www.kino.br.by нехта dima піша адносна гучнай кінапрэм’еры “Коду да Вінчы”: “У кожнага чалавека ўласныя погляды на жыцьцё... не люблю, калі вырашаюць за ўсіх у трэцяй асобе... а Філярэт малайчына — выдатная PR акцыя, 5 балаў... паства паваліць (ледзь не сказаў “электарат”... сьвят, сьвят, сьвят!!!), і ўсе з грошыкамі... адмольваць грахі... "грэшны, бацюшка, хадзіў на "Код да Вінчы", і кінавідэапракату не пашкодзіла б у якасьці пакаяньня адшпіліць:)”.

Карыстальнік DIMA-gog на форумах tut.by выказваецца на тэму “Эўрабачаньня” (сёньня, дарэчы, ў Грэцыі праходзіць паўфінал конкурсу): “Мы толькі выбарамі і займаемся. Летась "выбралі" каўбасную каралеву, якая пасьля гэтага сама выбірала, што ёй сьпяваць, — вынік вядомы, хоць там быў плюс: крыху сужанец раскашэліўся для "прымадонны". Цяпер вось "выбралі" куска (так дражняць прапаршчыкаў) і песьня ў яе нейкая гартаная, хоць і словы мама-мама-мама, але толькі потым рэзкае: сьмірна! легчы! устать! легчы! устать! бягом марш! Увогуле, пакуль кампанія Фінберг+Галоўная ўправа ўнутраных справаў+Сябры будуць руліць у нашай эстрадзе, ня здолеем мы вырвацца з фармату “75% беларускай музыкі”.

На старонках 49-га выпуску абсалютна незалежнай, як яна сябе сама рэклямуе, інтэрнэт-газеты "Колокол" можна прачытаць: “Падобна на тое, што канфлікт бацькоў і дзяцей у апазыцыі сасьпеў і перасьпеў — ня ў прыклад аналягічнай сытуацыі 2001 г. Справа ня толькі ў абвінавачваньні палітычных партый і іх лідэраў “у няздольнасьці зрабіць нешта і спробе прымазацца да ініцыятывы іншых”, а ў тым, што апазыцыйная моладзь закліку 2006 г. выбірае, зь кім ёй сябраваць, навошта і на якіх умовах. Больш за тое, задумваецца аб уласнай палітычнай будучыні, не жадаючы рызыкаваць імем, як “Зубр”. І трэба прызнаць, што нават са ськідкай на максымалізм у яе гэта атрымліваецца лепш, чым у старэйшых таварышаў”.

На сайце akrescina.org зьмешчана абвестка: “Запрашаем акрэсьцінска-жодзінаўска-навінкаўскіх "сядзельцаў", а таксама тых, хто мае адкрытую летувіскую візу, у падарожжа ў былую сталіцу ВКЛ Вільню (цяперака – Вільнюс), а гэтаксама ў рэзыдэнцыю князёў Трокскі (Тракайскі) замак (з заездам ў замак, што ў Медніках-Медінінкаі). 20-21 траўня”.

На форуме сайта studenty.by нехта Patryjotka пытаецца: “Калi студэнт 4,5 гады навучаецца на бюджэтнай аснове, потым адлiчваецца, а цераз год давучваецца сэмэстар за грошы — ён не падпадае пад разьмеркаваньне i атрымлiвае свабодны дыплём? Атрымлiваецца, так. Але цi не прымусяць яго кампэнсаваць дзяржаве грошы за 4,5 гады навучаньня на бюджэтнай аснове?” Ёй адказваюць: “У сучасным заканадаўстве гэта ніяк не прадугледжана. У новым законе аб адукацыі, які яшчэ не прыняты да канца, плянавалася ўлічваць такія выпадкі. Такім чынам прымусовае разьмеркаваньне гэтага выпускніка зараз будзе незаконным”.

Карыстальнік Le1982na на сайце pesnyary.com разважае зусім не на музычныя тэмы: “Тое, што жыцьцё меньш-больш стабільнае, у гэтым мне бачыцца заслуга сёньняшняй улады. І мне вельмі падабаецца тое, што ўлада (як можа) змагаецца з разгільдзйствам, дармаедзтвам, п’янствам, нядбайнасьцю і іншымі "прывабнасьцямі" нашага характару. І яшчэ мне вельмі спадабалася прапанова, каб бацькі, якія кінулі сваіх дзяцей, усё ж укалвалі і ўтрымлівалі іх самі, а не дзяржава гэта рабіла. Ня ведаю, наколькі гэта рэальна іх прымусіць, але калі гэта зробяць, дык гэта будзе яшчэ адна бацькіна перамога”.

Зазірнуў я сёньня й на сайт music.fromby.net. А там паведамленьне пра тое, што ў чарговым туры “Тузіне Гітоў” гурт “Neuro Dubel” прэзэнтуе новую песьню “Край”, якую лідэр гурта Аляксандар Кульлінковіч лічыць лепшай сярод усіх сваіх песень. “Прынамсі, пакуль да канца не запісалі наш новы альбом”, — дадае музыка. “Край” мае ўвайсьці ў новую плыту, працоўная назва якога “Пуп зямлі”. Магчымa, што як і папярэдні альбом, гэты будзе запісаны цалкам па-беларуску. “Не атрымліваецца нешта апошнім часам пісаць песьні па-расейску”, — кажа Аляксандар, які сёньня, дарэчы, адзначае дзень народзінаў.

Я разьвітаюся з вамі той самай песьняй “Край”. Яе ўжо цяпер можна адшукаць у беларускім Сеціве. Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэскі, яшчэ сустэнемся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG