Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды беларусы могуць укладаць грошы?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 11 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканамісты Міхась Залескі й Валер Дашкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Ува ўсіх краінах перад звычайным чалавекам паўстае пытаньне, як захаваць свае грошы ды яшчэ й атрымаць прыбытак. Зразумела, гэтае пытаньне не хвалюе людзей, перад якімі стаіць праблема выжываньня. Эканамічная статыстыка сьведчыць, што апошнімі гадамі ў Беларусі пашыраецца кола грамадзян, прыбыткі якіх растуць. І праблема — куды дзець грошы, якія не пайшлі на спажываньне й хочацца захаваць у запас — становіцца актуальнай. Якія формы захаваньня грошай найбольш распаўсюджаны ў сьвеце?”

(Міхась Залескі: ) “Нельга браць увесь сьвет агулам. Ёсьць грамадзяне Новай Гвінэі, і ёсьць грамадзяне ЗША. У разьвітых краінах існуе больш за 1,5 тысячы банкаўскіх паслуг, а таксама паслугі страхавых кампаній. Можна купляць акцыі, золата, каштоўныя каменьні, нерухомасьць. Усё залежыць ад эканамічнага стану — багаты чалавек, ці не.

А можна зьбіраць купюры й складаць у панчоху. Укладаньні ў банкі нашага насельніцтва несупастаўляльныя з тым, што традыцыйна ў разьвітых краінах. Калі браць у сярэднім, то яны невялікія: хопіць, хіба, на месяц — калі, напрыклад, чалавек страціць заробак.

Цяпер даволі распаўсюджаная зьява, калі заробак выплачваюць праз банкі, а людзі іх атрымліваюць з дапамогай электронных картак. І банкаўскія рахункі ў значнай ступені зьвязаны з гэтым, а не з назапашваньнем і захоўваньнем грошай у банках”.

(Валер Дашкевіч: ) “Найперш я ўсе формы грашовых зьберажэньняў падзяліў бы на дзьве вялікія групы — кароткатэрміновыя й доўгатэрміновыя. Як правіла, кароткатэрміновыя зьберажэньні робяцца ў банках. Дзеля гэтага ва ўсім цывілізаваным сьвеце існуе вельмі разгалінаваная сыстэма ашчадных кас. У Японіі, напрыклад, ашчадныя касы выкарыстоўваюць паслугі паштовых структур.

Для доўгатэрміновых зьберажэньняў ужываюцца іншыя мэханізмы. Перадусім гэта акцыі фондавага рынку. Іх купляюць зазвычай больш заможныя людзі. Для гэтага ў краінах з рынкавымі дачыненьнямі маюцца разьвіты фондавы рынак і сетка брокерскіх кантор, дзе кансультанты даюць парады, якія акцыі найбольш прыбытковыя. Сярэдні амэрыканец пачынае свой рабочы дзень з вывучэньня біржавых зводак. Акрамя таго, можна купляць нерухомасьць, зямлю. Але беларусам такое наўрад ці падыходзіць, бо для гэтага трэба куды больш грошай”.

(Карбалевіч: ) “Вернемся да Беларусі. Калі казаць пра захаваньне грошай у банках, то тут перад чалавекам паўстаюць пытаньні: у якой валюце лепш захоўваць. Апошнімі гадамі найбольшы прыбытак атрымлівалі тыя, хто захоўваў у беларускіх рублях. Але ці можна спадзявацца на доўгатэрміновую надзейнасьць рублёў? З іншага боку, курс даляра таксама зьмяншаецца. І праблема наступная: у Беларусі было ўжо некалькі выпадкаў банкруцтва банкаў, шмат банкіраў апынуліся за кратамі. Як тут не памыліцца?”

(Залескі: ) “Давер да банкаўскай сыстэмы быў падкошаны некалькімі дзяржаўнымі акцыямі ў мінулы пэрыяд. Мае бацькі страцілі на сталінскіх аблігацыях. Я страціў свае банкаўскія ўклады падчас развалу СССР. Таму й дзеці мае ня маюць пэўнасьці ў надзейнасьці банкаўскай сыстэмы.

Многія памятаюць банкруцтвы беларускіх банкаў — напрыклад, банку “Поиск”. Таксама дзяржаўныя гарантыі недастатковыя. Акрамя таго, людзі ня ведаюць, як функцыянуе банкаўская сыстэма, што адбываецца з курсамі валют. Няма даступных для абываталя рэйтынгаў банкаў”.

(Дашкевіч: ) “Стопрацэнтнай гарантыі захаваньня банкаўскіх укладаў ніхто ня можа даць увогуле. Перад тым, як рабіць зьберажэньні, грамадзянін мусіць усьвядоміць, зь якой мэтай ён гэта робіць. Калі чалавек назапашвае грошы, каб купіць дарагія рэчы (тэлевізар, аўтамабіль), то цягам апошніх 3-4 гадоў стала выгодна назапашваць грошы ў банках у беларускіх рублях — па такіх укладах былі нядрэнныя працэнты.

Калі чалавек зьбіраецца паехаць у замежную паездку, то лепш рабіць зьберажэньні ў замежнай валюце — прычым, у валюце, якая выкарыстоўваецца у той краіне, куды ён зьбіраецца ехаць.

Можна пайсьці па лініі найменшай рызыкі й падзяліць свае зьберажэньні на некалькі відаў валюты: частку захоўваць у беларускіх рублях, частку — у далярах, частку — у эўра. Калі зьберажэньні робяцца на вялікі тэрмін, то можна купіць залаты зьлітак.

Сёньня дзяржава на падставе прэзыдэнцкага Дэкрэту гарантуе захаваньне зьберажэньняў толькі ў шасьці дзяржаўных упаўнаважаных банках. Але ў выніку банкаўскага крызысу дзяржава нічога гарантаваць ня можа. Уклады беларускіх грамадзян у банках складаюць каля чатырох трыльёнаў рублёў і крыху менш за 1 мільярд даляраў. Калі настане банкаўскі крызыс, валютных укладаў ніхто ня верне. А рублі калі й вернуць, дык яны будуць абясцэнены ў выніку інфляцыі.

У дробных і сярэдніх банках гарантам укладаў выступае Нацбанк, які гарантуе вяртаньне ўкладаў — сумай да 1,5 тысяч даляраў. Дый гэта толькі ў выпадку крызысу асобнага банку. Калі ж здарыцца крызыс усёй банкаўскай сыстэмы, Нацбанк таксама нічога ня зможа кампэнсаваць.

Крэдытныя апэрацыі банкі робяць за кошт зьберажэньняў насельніцтва. І тым самым перакладаюць рызыку сваіх апэрацый на ўкладчыкаў. Ёсьць яшчэ адна праблема. Каб грамадзянам было зручна зьвяртацца ў банк, па ўсёй краіне мусіць працаваць шырокая сетка банкаўскіх філіяў. Але сёньня мы маем сытуацыю, калі банкі выконваюць шмат апэрацый, робяць мноства плацяжоў, у выніку чаго часта кліенту даводзіцца стаяць у чарзе па 30 хвілін і больш. І гэта таксама тармозіць рост банкаўскіх укладаў”.

(Карбалевіч: ) “Ува ўсім сьвеце эфэктыўнай формай захаваньня й павелічэньня фінансавых сродкаў зьяўляецца пакупка акцый. А як у Беларусі з гэтай справай?”

(Залескі: ) “Акцыі, якія людзі атрымалі падчас разьдзяржаўленьня ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, не давалі прыбытку. Гэта былі акцыі нейкіх масласырзаводаў — пераважна нерэнтабэльных. Таму што ў сярэднім рэнтабэльнасьць нашай прамысловасьці невялікая.

Толькі троху больш за палову людзей скарысталася акцыямі, атрыманымі ў выніку чэкавай прыватызацыі. А каля 40% так і не ўзяліся за гэтыя чэкі. Таму што бачылі: яны не прынясуць прыбытку. Ёсьць усяго некалькі прадпрыемстваў, якія налічваюць прыбытак па акцыях.

Таму можна канстатаваць: па-першае, немагчыма атрымаць акцый прыбытковых прадпрыемстваў; па-другое, няма структур, якія прадстаўлялі б гэтыя прадпрыемствы, давалі б кансультацыі. Няма ў краіне й фінансавых кампаніяў. І далей: трэба купіць шмат акцый, каб прыбытак быў сувымерным з заробкам. А для гэтага патрэбна шмат грошай”.

(Дашкевіч: ) “Пакупка акцый ці, як іх яшчэ называюць, карпаратыўных каштоўных папер робіцца ў тым выпадку, калі акцыянэр разьлічвае, што біржавыя катыроўкі гэтых папер значна вырастуць. Як правіла, гадавыя дывідэнды іграюць другасную ролю для акцыянэраў. А для ацэнкі біржавых катыровак патрэбен разьвіты фондавы рынак, дзе прадстаўлены сотні кампаній. Нічога гэтага ў Беларусі няма.

Тое, што адбылося ў нас у хадзе чэкавай прыватызацыі, стварыла толькі зачаткі фондавага рынку. Другі момант: для ўкладаньня грошай у акцыі мусіць быць усталявана эканамічная й палітычная стабільнасьць у краіне, дакладна вызначаны эканамічны курс. А гэтага ў Беларусі таксама няма”.

(Карбалевіч: ) “А можа самы надзейны спосаб — звыкла хаваць у панчоху?”

(Залескі: ) “Так шмат людзей ў Беларусі лічаць. Амаль палова насельніцтва Беларусі жыве, як кажуць амэрыканцы, з кішэні ў рот — то бок, праядае усё, што зарабляе. А для зьберажэньня на 1—3 месяцы найлепш захоўваць грошы дома”.

(Дашкевіч: ) “На ўсе валюты, без выключэньня, уплывае інфляцыя — яны трацяць частку сваёй пакупніцкай здольнасьці. Нават даляр і эўра абясцэньваюцца на 2-3% у год. Таму зьберагаць вялікія сумы грошай на больш-менш значны пэрыяд лепш ня дома, а ў банках. Сёньня толькі адна валюта, што мае тэндэнцыю да рэвальвацыі, то бок, да павышэньня свайго курсу, — гэта кітайскі юань. Але ён у нас ня ходзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG