Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Ведаю, што сёньня Дзень нараджэньня аднаго з маіх любімых музыкаў, лідэра гурту “Нэйра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча. Дык вось, хацеў бы павіншаваць яго..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 18 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Марыя, Гомель: ) “У мяне пытаньне. Спадар Леванеўскі, у апошні час узмацніліся рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў. На ваш погляд, гэта ідзе ад першай асобы дзяржавы, ці гэта самадзейнасьць сілавых структураў?”

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная “Свабода”! Я вельмі вас люблю і паважаю. У мяне такая просьба. Паведаміце, калі ласка, якія радыё яшчэ вяшчаюць на Беларусь, акрамя Радыё Свабода і Deutsche Welle. Дзяржаўныя радыё я ня слухаю, бо там адна хлусьня. Вялікі дзякуй вам”.

(Спадар: ) “Я ўжо да вас зьвяртаўся год назад, два гады таму наконт залі Старыца ў Кобрынскім раёне. Чалавека, які аднавіў гэтую гаспадарку, выгналі, ганебна выгналі. Дамашкевіч зараз прыяжджае да таго, каго паставілі стаўленікам, па два разы на месяц, затаварвае сумкі асятрынай, нават машыны. Я ваш прыхільнік. І такая крыўда на ўсё гэта, як так можна? Агучце гэта, калі ласка. Калі ўся гэтая барацьба, чалавека неабгрунтавана пакрыўдзілі... А зараз маёй маці-інваліду вады ня могуць правесьці, Дзянюк прозьвішча. Можа, я ня так што кажу, але нагарэла ўжо ў душы. Што ў нас робіцца: усё абкрадаецца, разьбіраецца! Няма нашага добрага старшыні Рубеля, без яго абы што робіцца”.

(Спадар: ) “Вось слухаю “Свабоду”, лісты і тэлефонныя званкі. Вось некаторыя хваляцца, што яны не глядзяць беларускае тэлебачаньне, не чытаюць газэты, адзіная іх інфармацыя – радыёстанцыя “Свабода”. Дзіўлюся, чым чалавек хваліцца. Хваліцца тым, што такі абмежаваны сьветапогляд у яго, што ён далей за свой нос ня бачыць, што робіцца. Як адзін хлопец з хутара кажа: “Я нічога не гляджу, толькі гляджу ў вакно і слухаю “Свабоду”. Дзіўлюся, што гэта за людзі. Каб ён сказаў, што я слухаю беларускае тэлебачаньне, чытаю газэты, як беларускія, так і расейскія, украінскія, польскія, гляджу тэлебачаньне польскае, украінскае, расейскае... Вось гэтым чалавек можа пахваліцца, што ён ведае, што вакол робіцца. А тое, што ён хваліцца толькі тым, што пад носам адбываецца, дзіўлюся, як ня сорамна яму гэтым хваліцца. А калі хоча ведаць, якое райскае жыцьцё ў Эўразьвязе, хай глядзіць польскае тэлебачаньне. Там адзін урач выступае і кажа, што ён акрамя працы яшчэ на пяці працах павінен працаваць, каб добра пражыць. Вось такое райскае жыцьцё ў Эўразьвязе. А вось людзі гэтага не глядзяць і думаюць, што паўсюль рай, а ў нас гіблае жыцьцё. Так што хачу параіць тым, хто нічога не чытае і не глядзіць: усё чытайце, усё глядзіце, тады ўсё будзеце ведаць”.

“Вось у мяне такая просьба да тык, хто камэнтуе званкі. Калі ўжо камэнтуеце званок, дык вы яго ўжо цалкам давайце, а ня выбірайце тое, што вам больш-менш падыходзіць”.

(Спадарыня: ) “Спыніцеся пускаць у эфір бязглузьдзіцу лукашысцкую са скрыпучым ядавітым голасам. Абрыдла ўжо. Які рай стварыў Лукашэнка, ведае ўся Эўропа: турмы поўныя, жабрацкія пэнсіі і заробкі. Дай Бог нам жыць, як жывуць амэрыканцы”.

(Спадар: ) “Разьвіцьцё пытаньня аб адкрыцьці ў Менску дыяспарскіх школаў. Як гэта можна зразумець? Разьвіцьцё навучаньня на мове тытульнай нацыі зварочваецца, а дыяспары пашыраюцца. Што гэта такое? Як гэта называецца? Яны, аказваецца, госьці, малайцы, а мы, гаспадары Беларусі, хто?”

(Спадар: ) “Вось па вашаму радыё ўвесь час гучыць такі цяжкі матыў: па палітычных матывах кінулі ў турму. Назавіце хоць адно прозьвішча, каб па палітычных матывах чалавека асудзілі. Па палітычных матывах судзяць будзь здароў, калі там на катаргу ссылалі на 10, 20, 30 год! А тое асудзілі адміністратыўна – гэта ня суд. Далі за хуліганства, далі за правапарушэньне правапарадку. Пры чым тут палітыка? Трапілі туды толькі людзі, якія ў апазыцыі. Назавіце хоць адно прозьвішча, дзе па палітычных матывах было”.

“Хай вашыя прыхільнікі, палітыкі, патлумачаць людзям, што такое ў Беларусі апазыцыя. Вось, напрыклад, у Расеі ёсьць апазыцыя – кампартыя, на чале – забыў прозьвішча. Ну, вось, ясная праграма, выразная і г.д. Калі ўрад ня так паводзіць сябе, эканамічныя нейкія нягоды для людзей, яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў, наладжваюць пікеты, патрабуюць адмены чагосьці і г.д., пры гэтым даказваюць, што трэба нешта іншае. І, наколькі я ведаю, Пуцін і ўрад значнай частцы іх прапановаў надаюць увагі. Вось гэта апазыцыя! А гэта што за апазыцыя? Гэта пятая калёна, а не апазыцыя, за грошы Амэрыкі, ставяць гэтую моладзь у няёмкае становішча, ломяць іх лёс, неабдуманымі дзеяньнямі ўцягваюць іх у нейкае глупства. Якая ж гэта апазыцыя? Які яе сэнс? Іх мэта дарвацца да ўлады. Ды трэба дамагацца ўлады так, як гэта робяць у Расеі і іншых краінах. Вось гэта апазыцыя, з павагай да яе ставяцца, падтрымліваюць, паўсюль прадстаўляюць яе. А тут што?”

“Вось у Расеі было некалькі партыяў, якія прэтэндавалі на апазыцыю – гэта Нямцова, Яўлінскага. Расіяне разабраліся, што гэта пятая калёна, гэта не апазыцыя, гэта людзі, якія за грошы Амэрыкі праводзяць антырасейскую палітыку. Вось возьмем па аналёгіі ў нас. Зрабіце апазыцыю! Я таксама хачу, каб была апазыцыя, але салідная і г.д. А тое і ў нас пятая калёна на грошы Амэрыкі для таго, каб выканаць заданьне, нейкія прапановы, каб ісьці на павадку ў Амэрыкі, каб ударыць па Расеі балюча, кардонную завесу зрабіць Расеі і г.д. Шмат іншых прыкладаў магу прывесьці дзеля чаго гэта. Якая ж гэта апазыцыя?”

“Мне ня трэба, каб мяне запісвалі ці па радыё перадавалі, справа ня ў гэтым. Але, паколькі ня ведаю, як дазваніцца да так званых апазыцыянэраў, хачу сказаць. Вы гістарычна гляньце, што такое апазыцыя. Яна абавязкова прысутнічае ў Вярхоўным Савеце, у Дзяржаўнай Думе, у дзяржаўных структурах павінна ўдзельнічаць – гэта важны момант увайсьці ў гэта ўсё, каб праз гэтыя структуры маглі паўплываць на паляпшэньне жыцьця народу, паказаць, што вось я, памочнік міністра, дэпутата, стаўлю такія вось пытаньні, каб павесьці за сабой. А ў Расеі дзе цяпер гэта група Нямцова ці Яўлінскага? Нікуды іх ня выбралі, бо людзі разабраліся. Дык ня трэба быць пятай калёнай. Цікава, калі б была апазыцыя, яна б вяла цікавую працу, яна б паказвала, які бюракратызм існуе, раскрывала б гэтую справу. Гэта ж вялікая справа! А ў нас так, пачынаюць: "Лукашэнка – дурань, і сканчаюць: Лукашэнка – дурань". Больш ніякіх пытаньняў няма. Ды ведаем мы, хто такі Аляксандар Рыгоравіч! Больш яны нічога ня ведаюць. І толькі гэтым ня пройдуць яны!”

(Уладзімер: ) “Наконт інфармацыі пра тое, што ў некалькіх клясах менскіх школаў будзе вывучацца азэрбайджанская мова. Справа ў тым, што яны не дамагліся гэтага, а проста заплацілі грошы, каб гэта арганізаваць. Гэта з аднаго боку нядрэнна, але з другога ўсё ідзе да таго, што тытульная нацыя, беларусы могуць апынуцца на сваёй зямлі ў якасьці ізгояў. Іх найменш нават у дробным бізнэсу, пра сярэдні і буйны бізнэс гаворка не ідзе, бо адкуль паспаліты беларус можа ўзяць стартавы капітал, каб нармалёва весьці бізнэс? Па-другое, а ці спрабаваў хто дамагчыся беларускай мовы? Калі спрабавалі, то ў што гэта выліваецца? Самае лепшае – гэта адміністрацыйныя пакараньні. Па-трэцяе, у нас усё ідзе да таго, што намэнклятура, якая кіруе, яна робіць свой бізнэс на гэтым. Сюды прыяжджаюць людзі з усіх краінаў, якія ў тых краінах не змаглі сябе рэалізаваць, плацяць тут вялікія грошы і становяцца сапраўднымі грамадзянамі. Заплаціў поўную суму даляраў, 20 ці 30 тысячаў, купіў кватэру – і ты ўжо мянчук самы натуральны. А той мянчук, які тут нарадзіўся, працаваў, але ў яго няма грошаў, ён так і будзе жыць у цеснай кватэрцы, у яго няма ніякіх шанцаў на працягу жыцьця яе набыць. Вось пра што трэба думаць”.

(Спадарыня: ) “З ранішняй перадачы я дазналася аб дырэктары школы, дырэктары-шпіёны, на жаль, не пачула яе прозьвішча. Галоўным абавязкам яна лічыць шпіёніць за жыцьцём і працай знакамітага мастака Алеся Пушкіна. Абуральна! Судзіць неабходна вось такіх настаўнікаў нядбайных, ды яшчэ якія прабіраюцца ў крэсла дырэктара школы, бо вынікам іх амаральных паводзін стануць пакалечаныя душы дзяцей. Пазбаўляць іх працы зь дзецьмі! Ня можа быць настаўнікам у выхаваньні падрастаючага пакаленьня чалавек, якая не валодае маральнымі прынцыпамі. Бацькі, будзьце пільнымі! Вашы дзеці – гэта будучыня нашай Беларусі!”

(Бялькевіч, Салігорск: ) “Нядаўнімі выбарамі мы паведамілі цывілізаванаму сьвету, што з мазгамі ў нас ня ўсё добра. Прапаную запрасіць замежных псыхіятраў для поўнай дыспансэрызацыі насельніцтва. 40 адсоткаў выбаршчыкаў будуць прызнаныя нядзейнымі і не атрымаюць права на ўдзел у выбарах”.

(Генадзь Лагановіч, Менск: ) “Як жа пільна сталі сачыць адпаведныя органы і асобы Расеі, каб, барані Божа, гледачы тэлебачаньня не даведаліся пра якую-небудзь падзею, якая не да спадобы беларускаму кіраўніцтву! Напрыклад, увечары 17-га траўня на канале Расея прамаўчалі ў праграме “Вести” пра скандал, зьвязаны з поўным ігнараваньнем эўрапейскімі краінамі рэгіянальнай канфэрэнцыі ў Менску па лініі Інтэрпол. І гэта нягледзячы на тое, што на пачатку перадачы паведамілі, што такі сюжэт уключаны ў праграму “Вести”. Можа, гэта зроблена па патрабаваньню беларускіх цэнзараў, якім усюды бачыцца дыскрэдытацыя Беларусі і абраза яе дыктатара?”

(Спадар: ) “Прывітаньне, “Свабода”! Ведаю, што сёньня Дзень нараджэньня аднаго з маіх любімых музыкаў, лідэра гурту “Нэйра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча. Дык вось, хацеў бы павіншаваць яго і пажадаць канцэртную пляцоўку на плошчы, якая зараз завецца Кастрычніцкай, а хутка стане Каліноўскага. Мяркую, гэта неблагое месца для сьмерці рокера, час якой хай ён выбера сам. Калі можна, пастаўце песьню “Я памру тут”.
XS
SM
MD
LG