Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магла б Расея далучыцца да візавых санкцый Эўразьвязу і ЗША?


Радыё Свабода, Прага Указам амэрыканскага прэзыдэнта забаронены ўезд у Злучаныя Штаты чальцам беларускага ўраду й іхным мужам і жонкам, а таксама асобам, якія атрымліваюць фінансавыя выгоды ад палітыкі беларускіх уладаў. Візавую забарону камэнтуе дырэктар расейскіх і азіяцкіх праграмаў вашынгтонскага цэнтру абарончай інфармацыі Мікалай Злобін:

(Карэспандэнт: ) "Наколькі гэтыя меры ЗША зьяўляюцца эфэктыўнымі, ці могуць яны зьмяніць сытуацыю ў краінах, на якія скіраваныя? Ці гэта больш маральная пазыцыя, маўляў, ня хочам бачыць у сябе людзей, якія паводзяць сябе такім чынам?"

(Злобін: ) "Часткова гэта маральная пазыцыя Злучаных Штатаў. Санкцыі ўжытыя не да краіны, а да яе кіраўніцтва. У адрозьненьні ад эканамічных санкцый ці блякады, якія ўсталёўваюцца адносна краіны тут гэтыя санкцыі будуць мець пэрсанальны характар.

Што тычыцца эфэктыўнасьці, то як паказвае гісторыя, у доўгатэрміновай пэрспэктыве санкцыі эфэктыўныя, а кароткатэрміновай яны часьцяком неэфэктыўныя. Але патэнцыйна яны нясуць у сабе сур''ёзную пагрозу. Праз 10-15 гадоў многія з гэтых людзей могуць і забыць пра тое, што супраць іх прынятыя санкцыі.

Такое здараецца – чалавека арыштоўваюць, а ён і ня памятае – за што, ён ужо даўно не ў палітыцы.

Эфэктыўнасьць санкцый залежыць ад таго, наколькі санкцыі Злучаных Штатаў і Эўразьвязу падтрыманыя міжнароднай супольнасьцю, наколькі іншыя прама ці ўскосна, актыўна ці пасіўна прызнаюць гэтыя санкцыі.

Адносна лідэраў Прыднястроўя падтрымка іх Расеяй зрабіла практычна бессэнсоўнымі гэтыя санкцыі. Адносна былой Югаславіі такія санкцыі былі дастаткова эфэктыўныя – сёньня мы ведаем імёны людзей, якія вымушаныя хавацца ад усяго сьвету.

У выпадку зь Беларусьсю будзе важна, наколькі гэтыя санкцыі будуць прызнаныя Расеяй. Тут справа не ў юрыдычнай, а практычнай плоскасьці.

Ці скажа Расея – гэтыя людзі абвешчаныя Эўразьвязам і Амэрыкай пэрсонамі нон-грата, што мы будзем рабіць? Ці мы будзем іх працягваць падтрымліваць ці вырашым, што зь імі больш мець справу нельга. Эфэктыўнасьць санкцый будзе шмат у чым залежыць ад гэтага таксама". (Чытаць поўны тэкст перадачы "Праскі акцэнт")
XS
SM
MD
LG