Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: актывісту прысудзілі 62 тысячы штрафу


Радыё Свабода, Віцебск Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Валянціна Міхасёва прызнала Цішуціна вінаватым за дробнае хуліганства на падставе пратаколу, складзенага ў раённым аддзяленьні міліцыі, і сьведчаньняў 2-х міліцыянтаў, якіх Сьцяпан Цішуцін, нібыта, абразіў падчас затрыманьня. Адбывалася гэта 14-га траўня на тралейбусным прыпынку па праспэкце Фрунзэ.

Апрача міліцыянтаў, сьведкам тых падзеяў быў незнаёмы хлопец-мінак, асабістыя дадзеныя якога супрацоўнікі міліцыі запісалі на месцы здарэньня. Выкліканы сёньня на суд, ён распавёў, што бачыў, як да Сьцяпана Цішуціна падышлі міліцыянты, як той папрасіў іх назваць свае імёны й паказаць пасьведчаньні.

Але аказалася, што ў міліцэйскім пратаколе ўсё апісана іначай. Ды судзьдзя спадарыня Міхасёва заявіла: у яе няма падстаў не давяраць ахоўнікам парадку. Яна прысудзіла Цішуціну штраф — дзьве базавыя велічыні. Хаця адвакат папярэдне нагадаў, што хлопец ужо адбыў амаль суткі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, куды быў зьмешчаны пасьля складаньня пратаколу.

Дарэчы, паводле Сьцяпана Цішуціна, міліцыянты так і не патлумачылі яму прычын увагі да сваёй асобы. Бо пратакол пра хуліганства быў складзены ўжо ў пастарунку, а зь якой мэтай супрацоўнікі міліцыі першапачаткова падышлі да яго на прыпынку, так і ня высьветлена. Паводле высноў затрыманага, гэткай прычынай магла быць ягоная грамадзкая актыўнасьць: цягам апошняга часу ён зьбіраў подпісы за вызваленьне Аляксандра Казуліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG