Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё больш гарадзенцаў езьдзяць у Польшчу


Радыё Свабода Колькасьць ахвотных паехаць у суседнюю Польшчу ў Горадні не зьмяншаецца. За першы квартал Генэральнае консульства РП выдала на 37 адсоткаў віз болей, чым летась. Пасьлядоўна павялічваецца й лічба жыхароў памежных раёнаў Польшчы, якія прыяжджаюць у Беларусь часам усяго на пару гадзін. І беларусы, і палякі займаюцца сёньня агульным бізнэсам —возяць дызэльнае паліва з Гарадзеншчыны на Беласточчыну, дзе яно даражэйшае.

Польскія дыпляматы мне неаднойчы гаварылі, што, з іхных падлікаў, да 90 адсоткаў кіроўцаў легкавікоў, якія езьдзяць у Польшчу праз КПП “Брузгі-Кузьніца Беластоцкая”, возяць на продаж салярку. Такім чынам, беларусы маюць працу й грошы, — цьвердзяць у консульстве.

Тым ня менш, прадаўцы дызэльнага паліва сутыкаюцца з пэўнымі абмежаваньнямі. Адзін зь іх паскардзіўся мне: калі ў цябе была паўгадавая віза на 60 дзён знаходжаньня ў Польшчы, а ты іх ужо ўсе скарыстаў, дык больш мяжы не перасячэш (нават у выпадку дзейснага тэрміну візы). Больш за тое, пакуль ня скончыцца той тэрмін, — не адкрыюць і новае візы. Вось тады даводзіцца сядзець бяз працы.

Гэты кіроўца паведаміў: цяжэй стала атрымаць шматразовую візу й праз турыстычныя фірмы. Я пацікавіўся сытуацыяй у адной гарадзенскай фірме, якая аказвае дапамогу з афармленьнем польскіх віз.

(Спадарыня: ) “Ды я вам кажу: яны там падлічваюць, колькі разоў вы езьдзілі цягам году. Цягам паўгода раней можна было 90 дзён, цяпер — 60. Тады вылічваюць: калі вы, да прыкладу, за год езьдзілі болей за 60 разоў, — у наступнай візе можа фігураваць меншая колькасьць дзён”.

Пераадолець мяжу, ды яшчэ з таварам, — заўжды, у пэўным сэнсе, “вайна нэрваў”. Часам бываюць непрыемнасьці нават у палякаў. Нам даслаў SMS Юрэк Станкевіч зь Беластоку. Ехаў ён у Горадню, і беларускі памежнік спытаў — зь якой мэтай? На адказ, што на рынак, памежнік заявіў: рынак ужо не працуе. І выказаў меркаваньне: едзеш, маўляў, машыну заправіць. А затым вярнуў падарожніка ў Польшчу.

Але на мяжы здараюцца й горшыя непрыемнасьці. Гарадзенец Андрэй хацеў набыць машыну. Мікрааўтобус у Брузгах заехаў у “зялёны калідор”, празь які праяжджаюць усе, хто ня мае чаго дэкляраваць. Падышоў мытнік. Андрэй паведаміў, што вязе грошы — больш за тры тысячы даляраў. Аднак жа мытнік склаў на яго пратакол, нібыта, грошы тыя былі знойдзены падчас мытнага дагляду. Справу аб канфіскацыі перадалі ў Кастрычніцкі раённы суд. Гаворыць сьведка здарэньня на мяжы, сябра Андрэя — Сяргей:

(Спадар: ) “Суд прызначыў вярнуць грошы. Але мытня падала скаргу ў абласны суд на гэтае рашэньне. Нумар пратаколу Андрэя быў чатырыста зь нечым. Гэта азначае, што ад пачатку году яны склалі больш за чатырыста пратаколаў. Уявіце сабе — колькі грошай сканфіскавалі”.

Дарэчы, у судовым рашэньні было пазначана: пад абскарджаньне не падпадае.
XS
SM
MD
LG