Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэі Эўропы будуць адкрытыя для наведнікаў усю ноч


Валер Каліноўскі, Прага Увечары 20 траўня па ўсёй Эўропе пройдзе дабрачынная акцыя “Ноч музэяў”, яна прымеркаваная да міжнароднага дня музэяў, які адзначаецца сёньня. Разнастайныя сьвяточныя музэйныя імпрэзы адбываюцца цягам усяго гэтага тыдня.

“Ноч музэяў” была прыдуманая ў Францыі, а потым распаўсюдзілася па ўсім сьвеце. Ідэя палягае ў тым, што музэі бясплатна адкрываць свае дзьверы для наведнікаў позна ўвечары, каб тыя змаглі пабачыць іхныя экспазыцыі, што называецца, у іншым сьвятле. Зразумела, што найбольш актыўна адзначаецца “Ноч музэяў” у самой Францыі, дзе гэты праект знаходзіцца пад патранажам Міністэрства культуры, а таксама Рады Эўропы. Леташняя акцыя ахапіла больш за 1200 музэяў, у якія ў прыцемках прыйшлі звыш як мільён наведнікаў.

Сёлета музэйныя экспазыцыі ў Францыі можна будзе бясплатна глядзець ад заходу сонца 20 траўня да сьвітанку. Акрамя таго, арганізоўваюцца выступы мастакоў, канцэрты артыстаў, незвычайныя выставы, чытаньні. Нямала наведнікаў зь нецярпеньнем чакаюць, напрыклад, калі адкрыюцца дзьверы ў Нантцкім музэі вінаградарства і Музэі віна ў Анжу, дзе сёлета будуць прадстаўляць калекцыі вінаў даліны Луары. Як паведаміў міністар культуры і камунікацыі Францыі Рэно Донэдзьё дэ Вабр, сёлета акцыя ахопіць 1700 музэяў у Францыі і 30 іншых краінах Эўропы, якія далучыліся да францускага культурніцкага праекту.

На спэцыяльным сайце ў інтэрнэце (http://www.nuitdesmusees.culture.fr) можна знайсьці сьпіс усіх музэяў Эўропы, які супрацоўнічаюць з францускай ініцыятывай.

Тым часам у Бэрліне двойчы на год праводзіцца свая імпрэза “Доўгая ноч музэяў”, якая набыла асаблівае значэньне пасьля падзеньня Бэрлінскага муру і аб’яднаньня гораду, калі культурныя каштоўнасьці дзьвюх частак раней падзеленага горада сталі аднолькава даступныя ўсім гараджанам.

У Нью-Ёрку ў Брукліне адзін з музэяў мастацтваў называюць начным, бо там кожную першую суботу месяца адбываецца вечаровая бясплатная забаўляльная праграма.

У сьпісе францускіх арганізатараў “Ночы музэяў” ёсьць і два беларускія музэі: Дзяржаўны музэй Вялікай айчыннай вайны і Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Апошні прадставіць праграму “Музыка ноччу”, маладыя музыканты будуць граць на інструмэнтах, якія знаходзяцца ў экспазыцыі музэю.

Міністэрства культуры Беларусі распрацавала адмысловыя начныя забаўляльныя праграмы каля музэяў 18 і 20 траўня: конкурсы малюнкаў, пленэры, дэманстрацыю старых матацыклаў менскай вытворчасьці, канцэрты, кірмашы. А наведнікі Нацыянальнага музэя гісторыі і культуры змогуць саткаць кавалак палатна на кроснах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG