Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчкі вакол “Коду да Вінчы”: “Чаму за мяне вырашаюць, які фільм глядзець?”


Радыё Свабода, Менск Сёньня — усясьветная прэм’ера кінафільму “Код да Вінчы”, зьнятага паводле аднайменнага бэстсэлера Дэна Браўна. У Менску першыя гледачы пабачылі ўжо гэтую стужку, і яна выклікала шэраг пярэчаньняў з боку прадстаўнікоў праваслаўнай і каталіцкай канфэсіяў у Беларусі. Якія меркаваньні на гэты конт маюць людзі на менскіх вуліцах?

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня ў Менску пачынаецца дэманстрацыя фільму “Код да Вінчы” паводле вядомага рамана Дэна Браўна. Як вы ставіцеся да таго, што і праваслаўная, і каталіцкая царква выступілі супраць паказу стужкі?”

(Спадарыня: ) “Я не чытала. Але мяркую так: каб паглядзела й сама зарыентавалася, то было б вярней гаварыць што-небудзь. Але цяпер такая крытыка стаіць”.

(Спадарыня: ) “Няма там нічога страшнага. Аўтар падаў Ісуса Хрыста як звычайнага чалавека. А чаму не? Часта й мы ўяўляем яго чалавекам. Пайшоў за нас на крыж. Але, можа, яму было ўласьціва ўсё чалавечае, і ў яго была жонка, засталіся нашчадкі. Гэта ж так цікава”.

(Спадарыня: ) “Мы — супраць. Бо прытрымліваемся супрацьлеглых поглядаў на рэлігію — не такіх кардынальна іншых”.

(Спадар: ) “Не патрэбны гэтыя новаўтварэньні. Яны толькі грошы зарабляюць, а на самой справе ўсё разбураюць”.

(Спадарыня: ) “Гэты фільм трэба паказваць. Па-першае, пастаноўка цікавая, неардынарная. На маю думку, ён даступны для ўспрыманьня людзьмі любога ўзросту”.

(Спадар: ) “Калі шчыра, я нават зь цяжкасьцю ўяўляю сабе сцэнар гэтага фільму. Ён — гістарычны. А я гісторыяй цікаўлюся. Я выступаю за тое, што кожны можа па-свойму трактаваць Біблію. У прынцыпе, я супраць такіх твораў, якія радыкальна мяняюць грамадзкі настрой”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта не найлепшае кіно, якое трэба ў нас паказваць, бо яно прапагандуе ерэтычныя погляды й зьяўляецца, па сваёй існасьці, антыхрысьціянскім”.

(Спадар: ) “У нашай краіне, дзе прыярытэтам стаіць свабода слова, такія рэчы недапушчальныя з боку любых палітычных сілаў, партый ці рэлігійных рухаў”.

(Спадарыня: ) “Уласна кажучы, іх гэта якім чынам тычыцца? Гэта — фільм. А яны няхай займаюцца сваёй справай”.

(Спадар: ) “Гэта вельмі няслушна. Таму што ёсьць свабода слова. А вось будыстам, можа, гэты фільм даспадобы... Я — атэіст. Чаму мне сілком накідаюць, які фільм глядзець?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG