Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч пакараны арыштам на 15 сутак


Радыё Свабода Сустаршыню "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску арыштаваў на 15 сутак. Міліцыянты патлумачылі, што арыштавалі Зьмітра Дашкевіча за значок "За свабоду!"

Нагадаем, учора спэцназаўцы затрымалі Зьмітра Дашкевіча разам зь іншымі актывістамі моладзевых незарэгістраваных рухаў на ганку будынку суду. Зьміцер Дашкевіч разам з Артурам Фінькевічам ішлі ў суд, каб прысутнічаць на паседжаньні ў справе аднаўленьня на працы дацэнта пэдунівэрсытэту Юрыя Бачышчы. Спэцназаўцы затрымалі хлопцаў на загад свайго кіраўніцтва.

Пазьней у аддзеле міліцыі Маскоўскага раёну іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Самі міліцыянты тлумачылі гэта тым, што хлопцы мелі пры сабе значкі "За свабоду".

Паколькі адміністрацыйны кодэкс не прадугледжвае пакараньня за нашэньня значкоў, хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся.

Судзьдзя Маскоўскага суду Нікалаеў пагадзіўся з абвінавачаньнем і пакараў Зьмітра Дашкевіча арыштам на 15 сутак. Зьміцер адмовіўся ад паслугаў адвакату і ад сьведкаў са свайго боку, бо лічыць працэс палітычным, і таму ня бачыць сэнсу ўдзельнічаць у судовым фарсе.
XS
SM
MD
LG