Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: байкот Інтэрполу – гэта беспрэцэдэнтная падзея


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія мэдыі пішуць пра тое, што ўсе 25 краінаў Эўразьвязу праігнаравалі канфэрэнцыю Інтэрполу ў Менску. У артыкулах адзначаецца, што такая сытуацыя мела месца ўпершыню ў гісторыі гэтай арганізацыі.

“У двухдзённай канфэрэнцыі бяруць удзел толькі 12 з 46 эўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у Інтэрпол”, – піша ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”, ды цытуе ўрыўкі з адмысловай заявы Інтэролу, у якой гаворыцца, што “пасьля апошніх падзеяў у Беларусі Эўразьвяз вырашыў узмацніць палітычны націск на Менск, што перашкодзіла прадстаўнікам паліцыяў краінаў аб’яднанай Эўропы ўзяць удзел у менскай канфэрэнцыі”.

Штодзёньнік адзначае, што гэта беспрэцэдэнтная падзея ў гісторыі Інтэрполу – раней гэтая арганізацыя “была нэўтральнай палітычна” і ніколі не здаралася, каб “нейкая дзяржава ці група дзяржаваў спрабавалі ўмешвацца ў працэдуру арганізацыі інтэрполаўскіх канфэрэнцыяў”.

Паводле польскіх камэнтатараў, такі рашучы крок з боку краінаў Эўрапейскага зьвязу сьведчыць аб тым, што “беларускае пытаньне” сапраўды стала адным з найбольш важных і зразумелых для грамадзянаў краінаў Эўразьвязу пытаньняў замежнай палітыкі аб’яднанай Эўропы.

“Кіраўніцтва Інтэрполу цяпер вымушанае склікаць яшчэ адну дадатковую канфэрэнцыю, але гэтым разам у Бэрліне, замест Менску, каб, сярод іншага, абмеркаваць пытаньні, зьвязаныя зь бясьпекай у часе чэмпіянату сьвету па футболе ў Нямеччыне”, – адзначае “Gazeta Wyborcza”.

Гл.таксама • Краіны Эўразьвязу ігнаруюць канфэрэнцыю Інтэрполу ў Менску • Расейскі аналітык Мікалай Злобін: Інтэрпол павінен заставацца па-за палітыкай
XS
SM
MD
LG