Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адбудуцца суды над затрыманымі ўчора каля Маскоўскага райсуду


Любоў Лунёва, Менск Cпэцназаўцы штодня затрымліваюць актывістаў моладзевых апазыцыйных рухаў на гарадзкіх вуліцах. Амаль штодня ў судах адбываюцца працэсы над апазыцыянэрамі. Затрымліваюць людзей і каля будынкаў судоў, калі тыя ідуць на судовыя паседжаньні. Учора спэцназаўцы каля будынку Маскоўскага суду затрымалі з дзесятак актывістаў апазыцыі, якія намагаліся прыйсьці на працэс над Юрыем Радзівілам. Некаторыя зь іх правялі гэтую ноч у турме на Акрэсьціна.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Аляксей Стральцоў і Крысьціна Шацікава затрыманыя да суду.

Нагадаем: учора ў другой палове дня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаліся два судовых паседжаньня: над Юрыем Радзівілам і ў справе аднаўленьня на працы звольненага дацэнта Пэдунівэрсытэту Юрыя Бачышчы. На суды ішлі маладыя людзі са значкамі “За свабоду”, з джынсавымі і бел-чырвона-белымі стужкамі.

Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч ішлі на суд да Юрыя Бачышчы. Але за некалькі мэтраў да суду хлопцаў спынілі спэцназаўцы і пацягнулі іх у “аўтазак”. Гэта адбывалася і зь дзесяткамі іншых маладых людзей. Усім, каго затрымлівалі, яны казалі, што будуць трымаць 3 гадзіны, каб нібыта высьветліць іх асобы. Шмат людзей спынялі па дарозе ў суд і патрабавалі, каб яны вярнуліся. Міліцыянты казалі, што ўсё роўна на суд не пусьцяць.

Намесьнік кіраўніка міліцыі Маскоўскага раёну казаў журналістам, што дзяўчатам і хлопцам няма чаго рабіць у судзе. Ён сам стаяў на ганку суду і аддаваў загады затрымліваць людзей па дарозе ў суд. Спэцназаўцы стаялі нават каля кінатэатру “Бярэсьце”. Зьмітра Касьпяровіча прапусьцілі толькі пасьля таго, як ён зьняў значок “За свабоду” са свайго заплечніка. Гэта ўсё адбывалася ў прысутнасьці журналістаў. Зьміцер лічыць, што ў іншым выпадку, ён бы трапіў у “аўтазак”.

(Касьпяровіч:) “Запытвалі, што ў мяне ў заплечніку. Казалі, што ў суд я ўсё роўна не патраплю, што мяне затрымліваюць на 3 гадзіны. На суд мяне ўрэшце пусьцілі, але пры ўмове, што я аддам значок міліцыянту, альбо кіну яго ў сьметніцу. Мы пыталіся пра камсамольскія і БРСМаўскія значкі. Яны казалі, што з гэтымі можна. Дык, можа, зрабіць значкі “Не за свабоду” і тады будуць пускаць у суды.”

Крысьціну Шацікаву і яшчэ трох хлопцаў спэцназаўцы пацягнулі з ганку суду. Пры гэтым Крысьціне спэцназавец закруціў руку. Дзьве дзяўчынкі выцягнулі фотакамэру і пачалі гэта здымаць. Іх схапілі, забралі камэру і сьцерлі ўсё, што было зьнята. Пасьля гэтага дзяўчат адпусьцілі. Затрыманых будуць судзіць паводле 156 артыкулу (дробнае хуліганства). У выніку, калі суд пагадзіцца з абвінавачаньнем, Артура Фінькевіча, якога днямі пакаралі двума гадамі “хіміі”, могуць узяць пад варту.

У Ленінскім судзе а 16 гадзіне будуць разглядаць пазоў апэратара БТ Бальшакова да Алесі Сіўчыкавай аб абароне гонару і годнасьці. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб тым, што шпрыцы, бутэлькі з-пад алькаголю ды іншыя рэчы, якія былі паказаныя БТ у рэпартажы пра ліквідацыю намётавага лягеру, ёсьць вынаходніцтвам гэтага апэратара. Быў надрукаваны тэлефон Бальшакова з прапановай дасылаць яму SMS-паведамленьні. Гэта і зрабіла Алеся.
XS
SM
MD
LG