Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць названыя ляўрэаты прэміі “Залаты апостраф”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску ў вялікай залі Дому літаратара адбудзецца вечарына з нагоды ўганараваньня ляўрэатаў незалежнай літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”. Адметнасьць імпрэзы ў тым, што яна мусіла адбыцца яшчэ ў лютым. Чаму ўганараваньне “Залатым апострафам” так доўга адтэрміноўвалася?

Прэмія “Залаты апостраф” усталяваная рэдакцыяй недзяржаўнага часопіса “Дзеяслоў” у 2004 годзе. Дзьве папярэднія цырымоніі ганараваньня ёю адбыліся ў Доме літаратара на Дзень Волі. Сёлетнюю цырымонію арганізатары хацелі правесьці напрыканцы лютага. Аднак атрымалі адмову. Пазьней вечарына яшчэ некалькі разоў адкладвалася. І толькі на гэтым тыдні быў нарэшце атрыманы дазвол.

Гаворыць галоўны рэдактар “Дзеяслову” і старшыня журы Барыс Пятровіч.

(Пятровіч:) “Кантактавалі мы найперш з кіраўніцтвам Дома літаратара, а празь іх – з галоўным гаспадарчым упраўленьнем кіраўніцтва спраў адміністрацыі прэзыдэнта. Забароны ішлі адтуль. Зьвязаныя яны былі напачатку з тым, што ў Беларусі ішла выбарчая кампанія, а пасьля хутчэй за ўсё з тым, што было ўзбуджана некалькі судовых спраў супраць Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. А для нас было прынцыпова, каб вечарына адбылася там, у нашым доме”.

Дом літаратара быў гвалтоўна адабраны ўладамі ў пісьменьнікаў у 1997 годзе. З таго часу новыя гаспадары дазвалялі ім праводзіць свае вечарыны ў вялікай залі толькі два разы на месяц. Апошнім часам і гэтае магчымасьці ў сваім, фактычна доме, пісьменьнікі былі пазбаўленыя. Міністэрства юстыцыі на пачатку году ініцыявала судовы працэс па ліквідацыі самой пісьменьніцкае арганізацыі. Аднак пасьля некалькіх пасяджэньняў у Вярхоўным судзе гэтая справа была прыпыненая. І сёньня ўвечары ў беларускіх літаратараў і прыхільнікаў іх творчасьці надараецца рэдкая магчымасьць сустрэцца разам на сьвяце ганараваньня новых ляўрэатаў прэміі “Залаты апостраф”.

Імёны ляўрэатаў трымаюцца у сакрэце, вядома толькі, што намінантаў дзевяць. А ў ліку першых ляўрэатаў гэтае прэміі ў 2004 годзе быў Васіль Быкаў.
XS
SM
MD
LG