Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Сымон Канарскі


Уладзімер Арлоў, Менск 17.3.1808, в.Дабкішкі, Беласточчына – 11.3.1839, Вільня

Юзаф Пілсудзкі любіў пажартаваць у тым духу, што Польшча – як абаранак: у сярэдзіне дзірка, а ўсё лепшае па краях. Пад “краямі” меліся на ўвазе гэтак званыя “крэсы”, а ў дадзеным выпадку – беларускія землі, адкуль паходзіў і сам “начальнік” адроджанай Польскай дзяржавы, і Тадэвуш Касьцюшка, і Адам Міцкевіч, і шмат іншых выбітных асобаў – нашых суайчыньнікаў, якіх палякі імкнуцца адназначна прылічаць да сваёй гісторыі.

З гэтага шэрагу і народжаны на Беласточчыне легендарны герой вызвольнага руху 1-й паловы XIX стагодзьдзя Сымон (Шыман) Канарскі.

23-гадовым ён, сын ня надта заможнага шляхціча, стаў пад сьцягі інсургентаў 1831-га. У складзе корпусу генэрала Хлапоўскага Сымон браў удзел у баях з расейскімі войскамі пад Гайнаўкай, Лідай і Вільняй. Апынуўшыся пасьля разгрому паўстаньня на эміграцыі ў Францыі, Канарскі далучыўся да арганізацыі “Помста люду”, што рыхтавала экспэдыцыю на радзіму з мэтаю ўзнавіць збройную барацьбу.

Сымон узяўся стварыць партызанскі аддзел у сваім Аўгустоўскім павеце. З фальшывым пашпартам ён перайшоў мяжу, аднак у Кракаве быў схоплены аўстрыйскімі жандарамі. Улетку 1835-га ён усё ж таемна вярнуўся ў Расейскую імпэрыю. Знаходзячыся пад уплывам Яўхіма Лялевеля, аўтара крылатага закліку “За нашу і вашу свабоду!”, Канарскі ня толькі ствараў для будучага змаганьня нелегальныя ячэйкі патрыётаў. Таварыскі, адукаваны і надзелены непахіснай вераю ў сваю праўду, ён здолеў наладзіць сувязі з афіцэрамі віленскага, берасьцейскага і бабруйскага гарнізонаў.

Ужо абмяркоўвалася дата супольнага выступу, але і III аддзяленьне імпэратарскай канцылярыі не драмала...

У чэрвені 1838-га група расейскіх афіцэраў спрабавала наладзіць Сымону уцёкі з астрогу, аднак небясьпечнага вязьня ахоўвалі надзвычай пільна. У наступным годзе дзяржаўнага злачынцу вялі па Вільні на расстрэл. Роўна праз чвэрць стагодзьдзя тое самае сакавіцкае віленскае неба апошні раз убачыў Каліноўскі.
XS
SM
MD
LG