Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лічу, што Буш правільна зрабіў, што забараніў ехаць нашым беларускім дыктатарам-чыноўнікам у Амэрыку"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 17 красавіка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Хачу зьвярнуцца да ўсяго беларускага народу. Аляксандра Казуліна пасадзілі за тое, што ён ведаў. Гэтая ўлада душыць людзей, нідзе нічога нельга дамагчыся, няма ніякіх правоў чалавека – і гэта нармальна. І Лукашэнка ў гэта не ўмешваецца. А калі толькі Казулін за народ – Казуліна ў турму. Увесь беларускі народ лічыць, што Казулін мае рацыю. І Казулін Аляксандар павядзе нас усіх за сабой разам зь Мілінкевічам. І такіх, як Казулін і Мілінкевіч, у нас тысячы. Хай цяперашняя ўлада падумае, што яна робіць, бо да гэтага часу высновы няма”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Хачу падзяліцца ўражаньнямі. Выпадкова паглядзела на канале СТБ сьвяткаваньне Дня Перамогі. Што мне кінулася ў вочы – гэта тое, што вельмі ж вясёлы быў Лукашэнка. Ня трэба быць псыхолягам ці псыхатэрапэўтам, каб не заўважыць, што ўсьмешка на яго твары была ненатуральная. Склалася ўражаньне, што яму пастаянна нехта нагадваў: “Усьміхайцеся, усьміхайцеся”. У ягоным становішчы не да ўсьмешак, я думаю. І яшчэ, ціскаючы рукі вэтэранам, казаў: “Нават калі вас ня стане, мы заўжды будзем сьвяткаваць гэтае сьвята”. Адначасова сьвяткаваць і нагадваць, што іх ня будзе, можа дазволіць сабе толькі неразумны чалавек, так мяркую”.

(Спадар: ) “З вашых перадачаў чуў, што беларуская моладзь за перамены. Магчыма, гэта і так, але ж такіх няшмат. А калі зойдзеш у любы двор, што мы там бачым? Сядзяць на лаўцы маладыя хлопцы і дзяўчаты, гадоў па 20, і п’юць. Па-мойму, ім усё роўна, хто будзе прэзыдэнтам: Лукашэнка ці Мілінкевіч. Вось пра гэта нам трэба сур’ёзна падумаць”.

(Спадар: ) “Мне вельмі шкада спадара, які патэлефанаваў 10 траўня, дамагаўся ўсім хрыбты праламаць. Чалавек, вядома, павінен разважаць ня толькі пра матэрыяльнае, але і пра духоўнае становішча, як сябе самога, так і нацыі ўвогуле, – гэтым ён адрозьніваецца ад жывёліны. Пра сяўбу і паесьці мы і па БТ шмат ведаем. Але і да Радыё Свабоды нашыя кіраўнікі ня будуць добра прыслухоўвацца. Наконт дзяцей на мітынгу вы зноў памыляецеся. У бальшыні сваёй яны добра вучацца, і нават выдатнікі, і сьвядома абралі свой шлях. Я таксама палітычны, як і вы, грамадзянін, і паважаю Радыё Свабода за тое, што чалавек любых поглядаў можа выказацца на яго хвалях. А вось адкажыце вы, толькі сумленна, ці існуе такая магчымасьць у вас ці ў мяне свабодна палаяцца праз нашыя дзяржаўныя СМІ на сваіх апанэнтаў, як гэта зрабілі вы 10 траўня на Радыё Свабода? Ведаеце, чалавек зь нізкім узроўнем інтэлекту, каб пераканаць суразмоўца, будзе ламаць хрыбты, біць па галаве дубінкай і ўвогуле расстрэльваць, прыгадайце Курапаты. І напрыканцы, паразмаўляць з жывым чалавекам добра, я заклікаю вас да гэтага, я з задавальненьнем вам адкажу”.

(Анастас Семяновіч: ) “Рашэньне прэзыдэнта Амэрыкі Джорджа Буша вельмі правільнае. Я рады за такое рашэньне. Вялікае дзякуй вам за ваша рашэньне. Амэрыка заўсёды падтрымлівае дэмакратыю ва ўсім сьвеце, ня так як расейскія мафіёзьнікі на чале з Пуціным. Ім дэмакратыя папярок горла, прыклад Грузіі, Украіна. Хто прызнаў Лукашэнку, акрамя Расеі і Кубы? Ніхто! Вось вам і расейскай мафіёзная палітыка. Зараз стаіць вялікая задача: адхіленьне галоўнага начальнікі Беларусі, правядзеньне новых дэмакратычных выбараў, якія прызнае ўвесь сьвет, акрамя Расеі і Кубы”.

(Спадар: ) “Лічу, што Буш правільна зрабіў, што забараніў ехаць нашым беларускім гэтым усім дыктатарам-чыноўнікам у Амэрыку. Хачу яшчэ прапанаваць, каб забараніла амбасадам пад чырвоным сьцягам бальшавіцкім вывешваць гэтыя сьцягі. Трэба толькі каб бел-чырвона-белы сьцяг быў. І гэта будуць сапраўдныя беларусы. Бо гэтыя бальшавікі нахабна зрабілі гэтыя выбары, таму ім дарога толькі ў Гаагу ў камэру Мілошавіча”.

(Спадар: ) “Учора пачуў па БТ, што Саўмін прыняў рашэньне адчыніць у Менску кляс з азэрбайджанскай мовай навучаньня ў сувязі з тым, што там вялікая дыяспара, некалькі тысячаў. Цікава ведаць, а ці вялікая ў Менску дыяспара беларусаў? Колькі іх: тысяча ці мільён? У пашпартах нацыянальнасьць больш ня ўказваюць. Якая мэтадалёгія можа быць падліку, калі ўсе толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь? Вось нядаўна ўнук з усімі беларускімі каранямі езьдзіў у мясцовасьць нараджэньня па даведку, каб атрымаць першы пашпарт гэтага грамадзяніна. Можа, таму што ўсе грамадзяне, і невядома, колькі зь іх беларусаў, і школ у Менску беларускіх, ці то мала, ці то зусім няма? Гавораць, была якая, дый тая зьехала ў Вільню”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Мера наконт жорсткіх санкцыяў ЗША цалкам адэкватная. Сваякі тых, хто ўчыніў злачынства, у любым выпадку павінны таксама пакутаваць. Калі ў час перадвыбарчай кампаніі лавілі і саджалі актывістаў у турмы, іх сваякі пакутавалі; калі ў намётавым гарадку мерзла моладзь, іх бацькі таксама пакутавалі; калі моладзь зьбівалі палкамі, сваякі іх пакутавалі. І тым больш сваякі тых, хто зрабіў злачынства, павінны пакутаваць! Так што мера адэкватная, я лічу, і ня трэба крыўдзіцца сваякам. Што зрабілі іх старэйшыя сваякі, такі лёс яны прызначылі сваім дзецям”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказацца наконт ліста дзіцячага ўрача, які напісаў на “Свабоду”, у якім ён вельмі хваліць Лукашэнку, лічыць, што ніводны прэзыдэнт не зрабіў таго, што зрабіў Лукашэнка, быццам бы для дзяцей і для сваіх жыхароў. Якога прэзыдэнта ён меў на ўвазе? Наколькі мне падаецца, прэзыдэнты эўрапейскіх краінаў зрабілі для сваіх народаў куды болей, і людзі там жывуць годна. Аднымі палацамі спорту жыць ня будзеш, дый здароўе ў Беларусі павінна быць на першым месцы. Каб спортам займацца, трэба добра харчавацца. Няшмат хто можа сабе дазволіць, як ён кажа, кожны дзень сокі ды мяса ўжываць, патрэбнае і адзеньне, абутак і г.д. У першую чаргу трэба забясьпечыць годнае жыцьцё людзям, чаго мы ня маем, а потым ужо можна і спортам займацца. Так што, па-мойму, чалавек з вышэйшай адукацыяй, але настолькі абмежаваны, здаецца, няправільна ён разважае. Я лічу, што Лукашэнка, фактычна, увогуле нічога не зрабіў. Адзінае, вось у Магілёве адкрывалі Дом Алімпійскі, ён з такім відам яго адкрываў, быццам пазыку рабіў, ні радасьці ні шчасьця нікому ён гэтым не прынёс. Гэта проста паказуха! Выбачайце, можа, я груба сказала”.

(Аліса Аляксееўна, г. Менск: ) “Спадарыня Абрамава выказала сваё меркаваньне, што ў Беларусі адбыліся напалову свабодныя выбары. Прашу вас, патлумачце, як гэта разумець?”

(Спадар: ) “У мяне пытаньне наконт гісторыі. Вось назва пры Мікалаі І Белая Русь, Беларусія былі забаронены, а чаму ў параўнаньні, да прыкладу, Малая Русь, Маларусія, Украіна? Наколькі я ведаю, гэтыя назвы не былі забароненыя. Чаму? У чым прычына? Відаць, беларусы і тады не лічылі сябе нацыяй. У чым сутнасьць гэтага?”

(Спадар: ) “Толькі што пачуў заяву Раманчука па “Нямецкай хвалі”, які пакрыўдзіўся на Мілінкевіча за тое, што ён, Мілінкевіч, не параіўся з АГП і аб’явіў аб стварэньні руху “За свабоду”! Цікава, калі б аб гэтым заявіў Лябедзька, пакрыўдзіўся б Мілінкевіч, што зь ім не параіліся? Думаю, што трэба клапаціцца пра карысьць бацькаўшчыны, а ня думаць аб тым, хто першы, а хто другі. Гэтыя спрэчкі толькі цешаць Лукашэнку. Што думаюць на гэты конт палітыкі і шараговыя слухачы Радыё Свабода? Дзякуй, ваш адданы слухач”.

(Спадарыня: ) “Санкцыі аб забароне ўезду ў ЗША нашых чыноўнікаў і іх сем’яў можна разглядаць па рознаму. Буш баіцца, што нашы чыноўнікі, як вопытныя палітыкі, убачаць, што ў ЗША ёсьць бяздомныя, беспрацоўныя і шмат бедных людзей у розных штатах. Па-другое, падобныя санкцыі кажуць пра тое, што ў ЗША няма ніякай чалавечай дэмакратыі і свабоды. Па-трэцяе, яшчэ Буш баіцца, што нашы людзі могуць расказаць амэрыканцам пра той узровень разьвіцьця краіны ўсяго толькі за 12 год прэзыдэнцкага кіраўніцтва, а ў Амэрыцы ўжо прайшло 227 год. Прычым беларусы нікога не бамбілі і ніколі ні ў каго ня кралі, а ўсяго дасягнулі сваёй працай. Чацьвёртае, яшчэ Буш баіцца, каб амэрыканцам не паказалі карціны з Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка 2006 году, гэтых падлеткаў з масай бутэлек, шпрыцаў і голымі задніцамі на марозе, гэтых гора-палітыкаў, зь якімі Буш знайшоў агульную мову. Нашаму ж кіраўніцтву няма неабходнасьці прымаць санкцыі на забарону. Прыязджайце ўсе жадаючыя, але з адкрытым сэрцам і шчырай душой, паглядзіце, чаго дасягнуў наш народ пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча ўсяго толькі за 12 год. Можа тады, Буш са сваімі сэнатарамі ня будзе займацца дурнотай і падаць ніжэй за падноскі”.

(Уладзіслаў: ) “Па дзяржаўным радыё выступаў нейкі так званы сьвятар, які крытыкаваў кнігу Д. Браўна “Код да Вінчы”, заклікаў лепей чытаць Эвангельле і, цытую, “маліцца Ісусу Хрысту”. У мяне пытаньне: ці вас хто вучыў маліцца Ісусу Хрысту? Ісус вучыў маліцца адзінаму Богу, таму, якога няма, у тым ліку і самому сабе, як сусьвету ў сусьвеце. І сам Хрыстос яму маліўся. А да чалавека маліцца нельга, хаця тэарэтычна чалавек можа пачуць іншага чалавека, пры ўмове, што ў дадзены момант ён ня сьпіць альбо не заняты чым-небудзь цікавейшым. Цяпер да пытаньня веры. Агучваюць, што трэба верыць толькі ў Бога. І зноў памылка. “Верце ў Бога і ў Мяне верце”, – сказаў Хрыстос. Кожная суполка павінна верыць у свайго лідэра. Але ў той жа час ня кожнаму духу верце. Напрыклад, тая ж царква, якая цьвердзіць, што хрысьціянства – гэта адзіная слушная рэлігія, прычым ня проста хрысьціянства, але канкрэтна праваслаўе, а ўсе іншыя рэлігіі – хлусьня і ім верыць нельга. Людзі ходзяць у царкву не да Бога, таму што да Бога ня трэба хадзіць, ён паўсюль, а гэта значыць, у самім чалавеку, і Ён бачыць чалавека знутры. У царкву ходзяць да людзей, да братоў, да сясьцёр. І ў царкву ня трэба хадзіць, каб маліцца, бо Хрыстос вучыў маліцца таемна”.

(Спадар: ) “Калі ласка, скажыце, да каго мне зьвярнуцца. Маёй жонцы рабілі апэрацыю і зашылі нажніцы. Прайшло 5 год, ніхто ніякай дапамогі не аказвае. Урачоў ведаю, усіх ведаю. Адкажыце, калі ласка, на маё пытаньне”.

(Спадар: ) “Радыёстанцыя “Свабода”, чаму вы дапускаеце абразы ў адрас Лукашэнкі і яго прыхільнікаў з боку вашых апазыцыйных слухачоў? Што гэта за слова “лукашысты”? Павінны ж быць рамкі прыстойнасьці!”

(Спадар: ) “Санкцыі ЗША справядлівыя! І ня блытайце выказваньне "маючыя матэрыяльныя выгады ад злачынстваў" з выразам "члены сямей". А так атрымліваецца, што родныя злачынцаў карыстаюцца злачыннымі сродкамі і выгодамі ад іх пасад. Патрэбна часьцей чытаць прозьвішчы і імёны злачынцаў, фальсыфікатараў выбараў, каб іх ведалі. Народ павінен ведаць сваіх злачынцаў”.

(Уладзімер: ) “Наконт пытаньня паводле забароны ўезду чальцоў беларускага ўраду ў некаторыя краіны заходняй Эўропы, таксама ў ЗША. Справа ў тым, што гэтым сьпісам, на мой погляд, зараз ня трэба захапляцца. Галоўнае пытаньне на сёньняшні момант – дапамога рэпрэсаваным студэнтам, а таксама іншым грамадзянам, якія маюць актыўную палітычную пазыцыю, уехаць у Заходнюю Эўропу, там папрацаваць і зарабіць грошы, а таксама паглядзець на іншае жыцьцё. А тое, што некаторыя чальцы не паедуць у Заходнюю Эўропу, дык паедуць праз Турцыю. І гэты крок, на мой погляд, ня вельмі эфэктыўны, як гэта падаецца”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Праз вашае радыё зьвяртаюся да нашых гісторыкаў. Раскажыце, калі ласка, пра практыку правядзеньня рэфэрэндумаў у краінах, асабліва з дыктатарскімі рэжымамі. На нашым горкім вопыце ведаем, што рэфэрэндум ва ўмовах лукашызма – гэта інструмэнт маніпуляцыі і фальсыфікацыя грамадзкага меркаваньня. Чуў, што і Гітлер быў вялікім аматарам правядзеньня рэфэрэндумаў і нязьменна атрымоўваў неабходныя яму вынікі. Можа, тэма рэфэрэндумаў стане адной з будучых вашых перадачаў?

У адносінах да санкцыяў да чыноўнікаў. Рашэньне адназначна правільнае, але, на мой погляд, на гадоў 5 запозьненае і даволі мяккае. Хамскі рэжым разумее толькі мову сілы. А мужы і жонкі чыноўнікаў таксама пакараныя справядліва. Хіба не пакутуюць блізкія сваякі апазыцыянэраў, калі іх мужоў, жонак, дзяцей штрафуюць, арыштоўваюць, звальняюць з працы, адлічваюць з ВНУ?

І яшчэ. Пакуль краінай будуць кіраваць двоечнікі, закамплексаваныя прыгнечанай псыхалёгіяй, якія вырасьлі на вершах Быкава і на працы Скарыны ў Пецярбургу, і тыя, у каго галоўным аргумэнтам з апанэнтам зьяўляецца кулак, Беларусь будзе ізгоем Эўропы”.

(Пэнсіянэрка, Менск: ) “Эўразьвяз апрача візавых санкцыяў вырашыў замарозіць грашовыя рахункі, якія быццам бы ёсьць у Лукашэнкі і ў тых, каму забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Лукашэнка на гэта адказаў, што ніякіх грошаў у яго няма, у яго паплечнікаў таксама, а калі ёсьць, няхай іх атрымае Буш. Такім чынам, ніякіх грошаў там ня знойдуць. Бо калі і ёсьць гэтыя грошы, яны спакойна ляжаць на другіх рахунках, на тых людзей, каму не забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. І такім чынам будзе дзіцячая гульня: адны хаваюць грошы, а другія іх шукаюць.

Чула, што пачалі зьбіраць грошы, каб пабудаваць яму хату, бо ён зараз нічога ня мае. Гэта цікава”.

(Спадар: ) “Вось з учорашняга вечара пастаянна перадаеце званок на “Свабоду” аднаго дзівака, які кажа, што пэнсія і заробкі ў нас добрыя. Але ж ён не сказаў, якую пэнсію ён атрымоўвае, які ў яго заробак, дзе ён працуе. Калі ён дубінкай махаў ці махае, то так, міліцыя і амон маюць добрыя пэнсіі. А вось тыя, хто працуе ў цэху ліцейкі, у таго пэнсія малая. І далей, перш чым публікаваць іх выказваньні, хай яны скажуць, якая пэнсія і заробак у іх, ня трэба прозьвішча і адрас, – і тады вы паведамляйце. А калі ня кажа, то не паведамляйце. Хопіць нам гэтай хлусьні! Мы ўвесь час гэта па радыё слухаем! А гэта, што, вашыя слухачы? А мы што, ня вашыя слухачы? Вы намі не ганарыцеся, вы імі ганарыцеся! Вечарам перадайце гэта ўсё!”

(Спадар: ) “Радыё Свабода ўжо два дні запар кажа, што Буш забараніў уезд на тэрыторыю ЗША кіраўнікам рэспублікі і асноўныя прычыны называе: першая, што не выконваюцца ў Беларусі правы чалавека, і сканчвае гэта тым, што Беларусь праводзіць палітыку, якая не адказвае інтарэсам ЗША. Вось у гэтых дзьвюх апошніх словах і праяўляецца сутнасьць амэрыканскай палітыкі, якая заключаецца ў наступным: той, хто ня з намі, той супраць нас. І ім пляваць на правы чалавека ў Беларусі, ім пляваць на Беларусь лукашэнкаўскую, ім пляваць на Беларусь Мілінкевіча. Іх галоўная задача вырваць Беларусь з пад уплыву Расеі і замкнуць балтыйска-чарнаморскую дугу, каб агарадзіць Расею ад Заходняй Эўропы. Вось галоўная прычына на забарону ўезду”.
XS
SM
MD
LG