Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: куды зьбіраюцца на адпачынак гарадзенцы?


Міхал Карневіч, Горадня Літаральна праз два тыдні пачынаецца лета, час адпачынкаў. Наш карэспандэнт цікавіўся ў гарадзенцаў: куды яны выбіраюцца на адпачынак і дзе б марылі пабываць?

(Студэнткі: ) “Мы дома зьбіраемся застацца, будуць канікулы і паедзем на вёску”.

(Хлопец: ) “Ды нікуды не паеду, працаваць трэба”.

(Спадарыня: ) “Я паеду да дачкі на лецішча, аж пад Пецярбург”.

(Спадар: ) “Хацеў бы на Нарач, ніколі не даводзілася там быць. Там, кажуць, вельмі прыгожа. І хацелася б Радзівілаўскі замак паглядзець. А нашы магнаты шыкоўныя столькі зрабілі дзеля роднай Беларусі”.

(Спадарыня: ) “У Беларусі, вядома. На беларускіх азёрах, Браслаўскіх”.

(Сталы спадар: ) “Нікуды я не зьбіраюся. Я – пэнсіянэр, а за пэнсію куды ты паедзеш”.

(Карэспандэнт: ) “А калі б у вас была такая магчымасьць, якую краіну вы хацелі б наведаць?”

(Сталы спадар: ) “Шмат чаго ёсьць. А мне падабаецца Парыж, Рым, а Лёндан, напэўна, адведаў бы ў апошнюю чаргу”.

(Сталы спадар: ) “Нікуды. На гарод – і так буду адпачываць, аж да страты прытомнасьці. У нас такі адпачынак: хто багаты, той адпачывае, а хто бедны, той дзень і ноч павінен працаваць, калі можа”.

(Карэспандэнт: ) “А калі б усё ж была такая магчымасьць, якую краіну вы хацелі б наведаць?”

(Сталы спадар: ) “Ну, дзе-небудзь там, дзе жывуць людзі, як людзі, а тут, дзе гэта галота, тут няма чаго рабіць”.

(Дзяўчына: ) “Зьбіраемся да Чорнага мора”.

(Карэспандэнт: ) "А каб была магчымасьць выбраць?"

(Дзяўчына: ) “Хіба, Чэхію”.

(Хлопец і дзяўчына: ) “На Нарач. А я ў Баўгарыю, праўда, яшчэ трэба палічыць фінансы”.

(Спадарыня: ) “Дома, у сваёй сям’і, у Беларусі, за мяжу нікуды ня ежджу. Люблю адпачываць на вёсцы”.

(Сталая спадарыня: ) “Нікуды не паеду, у мяне сын інвалід, цяжка хварэе”.

(Дзяўчаты: ) “У вёску, мы школьніцы”.

(Карэспандэнт: ) “А каб была магчымасьць паехаць, якую краіну хацелі б наведаць?”

(Дзяўчаты: ) “Я Японію, мне вельмі падабаецца іх культура. А я б Індыю”.

(Дзяўчына: ) “Я зьбіраюся паехаць да мамы. А хацелася б наведаць Гішпанію, паколькі ва ўнівэрсытэце вывучала гішпанскую мову і вельмі цікава паслухаць іх натуральную гаворку”.

(Дзяўчына: ) “Магчыма, куды-небудзь у жніўні, калі здам экзамэны і адбуду практыку”.

(Спадар): “Я б хацеў адпачыць, бо зьяўляюся ўдзельнікам выпрабаваньня ядзернай зброі, у мяне 19 артыкул, і мне гэта патрэбна. Сёньня ўжо трэці раз наведваўся за пуцёўкай, але безвынікова: адны абяцанкі. А мінулыя гады нас штогод аздараўлялі”.
XS
SM
MD
LG