Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выкладчык апазыцыйных поглядаў хоча вярнуць сабе працу


Любоў Лунёва, Менск У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд пазову дацэнта дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Юрыя Бачышчы да адміністрацыі ВНУ — аб аднаўленьні на працы. Спадара Бачышчу звольнілі з працы 23 сакавіка. Ён лічыць гэта палітычнай расправай за ўдзел у выбарчай кампаніі ў якасьці назіральніка ад штабу Аляксандра Мілінкевіча.

Прадстаўнікі пэдагагічнага ўнівэрсытэту заявілі ў судзе, што заявілі сёньня ў пракуратуру на свайго былога супрацоўніка, каб там распачалі супраць яго крымінальную справу. Юрыя Бачышчу абвінавачваюць за распаўсюд кампакт-дыскаў, якія, нібыта, абражаюць Аляксандра Лукашэнку.

Юры Бачышча працаваў дацэнтам катэдры славянскай гісторыі й мэтадалёгіі гістарычнай навукі пэдунівэрсытэту, чытаў курс лекцый па гісторыі ўсходніх славян. Выкладчык паведаміў: яму пагражалі звальненьнем пасьля таго, як кіраўніцтву ўнівэрсытэту стала вядома, што ён зьяўляецца назіральнікам ад штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі.

Гаворыць Юры Бачышча:

(Бачышча: ) “Я ўпэўнены, што мяне звольнілі за маё назіраньне на выбарах. Таму што мяне папярэдне выклікалі, пагражалі. Прымушалі напісаць заяву з уласнага жаданьня. Я адмовіўся. Тады й быў прыдуманы артыкул, на падставе якога мяне звольнілі 23 сакавіка”.

Юры Бачышча ўдзельнічаў у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Галоўны юрыстконсульт унівэрсытэту Сяргей Ігнаценка паведаміў Радыё Свабода, што прычынай звальненьня стаў амаральны ўчынак дацэнта.

(Ігнаценка: ) “Артыкул, паводле якога яго звольнілі, не зьяўляецца дысцыплінарным спагнаньнем. Гэта — зьдзяйсьненьне супрацоўнікам, які выконвае выхаваўчыя функцыі, амаральнага ўчынку. Гэта ёсьць парушэньнем працоўнага заканадаўства”.

Прадстаўнікі адміністрацыі пэдунівэрсытэту даць камэнтары “Свабодзе” адмовіліся. У судзе яны заявілі, што менавіта ў дзень судовага разьбіральніцтва зьвярнуліся ў пракуратуру. Але не змаглі, пры гэтым, падаць суду й пракурору дыскаў, якія, нібыта, распаўсюджваў Юры Бачышча — патлумачылі, што ня маюць іх у наяўнасьці.

(Бачышча: ) “Усё гэта — палітычны працэс. Мяне ня хочуць аднаўляць на працы. Я лічу, што ў Міністэрстве адукацыі й, магчыма, ува ўнівэрсытэце кіраўніцтва не зацікаўлена, каб такія, як я, заставаліся на працы й мелі нейкі ўплыў на студэнтаў. Я спадзяюся: калі суд у нас сапраўды справядлівы й зацікаўлены ў справядлівых выніках, то, безумоўна, я выйграю”.

Судзьдзя пасьля некалькіх перапынкаў вырашыў перанесьці далейшы разгляд справы на 1 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG