Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла сустрэлася зь беларусамі Сыднэя і Мэльбурну


Сяргей Навумчык, Сыднэй Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла правяла сустрэчы зь беларусамі Аўстраліі, на якіх былі абмеркаваныя магчымасьці дыяспары ў спрыяньні дэмакратызацыі Беларусі. Разам з Івонкай Сурвілай Сыднэй і Мэльбурн наведаў карэспандэнт "Свабоды" Сяргей Навумчык.

У Сыднэі Івонку Сурвілу прывітаў старшыня Беларускага грамадзка-культурнага клюбу Міхась Лужынскі. У будынку клюбу адбылася сустрэча зь беларусамі Сыднэя, пад час якой абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі, спосабы, якімі аўстралійская дыяспара можа дапамагчы дэмакратызацыі Бацькаўшчыны.

Аўстралійскія беларусы вялі актыўную выдавецкую дзейнасьць, выпускалі часопісы “На варце”, “Лучнік”, бюлетэнь “Новае жыцьцё”, які цяпер адноўлены намаганьнямі прадстаўніка новай хвалі эміграцыі Віктара Кавалеўскага.

Пасьля Сыднэя Сурвіла накіравалася ў Мэльбурн, які на працягу доўгага часу лічыўся цэнтрам беларускага жыцьця Аўстраліі. Старшыня Рады БНР наведала набажэнства ў царкве Трох віленскіх пакутнікаў Беларускай аўтакефаліі. Кіраўнік фэдэральнай Рады беларускіх арганізацыяў Аўстраліі Яўген Груша наладзіў прыём з удзелам кіраўнікоў беларускіх арганізацыяў штату Вікторыя. Шмат хто зь іх зьбіраў сродкі ахвярам Чарнобылю, 20-годзьдзе якога было адзначана ў парлямэнце штату Вікторыя.

У Мэльбурне ўдзельнікі вакальнай групы “Каліна” прадставілі свае песьні, выдадзеныя на кампакт-дысках.

Івонка Сурвіла наведала беларускія могілкі ў Фолкнэры, дзе ў 1970-я гады быў усталяваны помнік на вечны ўспамін усіх спачылых ведамых і няведамых беларусаў.

У аўторак старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прыбыла ў Адэлаіду, дзе ў царкве Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла адбылося набажэнства, а потым сустрэча з прадстаўнікамі мясцовай беларускай дыяспары.
XS
SM
MD
LG