Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У якой яшчэ краіне апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта зьбіваюць, прыніжаюць, а пасьля выбараў кідаюць у турму?..”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 17 траўня 2006 году) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Жыве ў невялікім пасёлку Шаркоўшчына на Віцебшчыне малады хлопец Канстанцін Насовіч. Супярэчнасьць паміж тым, што паказвае афіцыйнае тэлебачаньне й пішуць дзяржаўныя газэты, і той рэальнасьцю, што відаць з вакна ўласнай хаты, змусіла Канстанціна аднаго разу купіць кароткахвалевы прымач і настроіцца на нашу хвалю. З таго часу хлопец зрабіўся сталым слухачом “Свабоды”. А днямі даслаў нам ліст:

“У нашым мястэчку ваша радыё — адзін зь нямногіх сродкаў атрыманьня праўдзівай інфармацыі. Дзяржаўных тэлеканалаў глядзець не магу, пра газэты й размовы няма. Надакучыла глядзець і чытаць іхныя дрымотныя казкі пра тое, як усё цудоўна ў Беларусі. Часта задумваюся: чаму наша краіна такая нешчасьлівая? За што столькі бед звалілася на нашу галаву? Ствараецца ўражаньне, што, нягледзячы на ўсе намаганьні лепшай часткі моладзі й дэмакратычных сілаў, зрынуць рэжым цывілізаваным шляхам немагчыма.

Колькі бруду ўлада ні ліла б на дэмакратычныя сілы, — я заўсёды буду іхным заўзятым прыхільнікам. Вельмі суперажываю зь Мілінкевічам, Казуліным і з усімі, хто апынуўся ў няволі толькі за тое, што адважыўся адкрыта адстойваць свае погляды. Нават жывучы ў невялікім мястэчку, хацелася б нешта рабіць дзеля свабоды. Але што магу зрабіць я, звычайны хлопец, у такіх умовах?”

Напэўна, Канстанцін, Вам варта знайсьці аднадумцаў сярод тых, побач з кім жывяцё, вучыцеся, працуеце. Людзей з дэмакратычнымі поглядамі нямала. Іншая справа, што ў сёньняшніх умовах ня ўсе адважваюцца адкрыта казаць пра свае перакананьні. Асабліва ж — у невялікім мястэчку ці ў вёсцы, дзе ўсе — навідавоку й пачуваюць сябе моцна залежнымі ад мясцовай адміністрацыі.

Фрагмэнт ліста ад Уладзіслава Мальчыкава зь Бярозаўкі Лідзкага раёну:

“Спрабую зразумець, што ў нас ня так. І думаю, што справа ў галасаваньні. Галасы розных людзей маюць розную вартасьць, а выбарчае заканадаўства гэтага ня ўлічвае. Голас аднаго праведніка важнейшы за галасы мільёна грэшнікаў. А на беларускіх выбарах — усё наадварот.

Апазыцыя патрабуе справядлівых выбараў. Але Пан Бог ня чуе іхных патрабаваньняў. Яны думаюць, што ахвяруюць жыцьцямі за дабро. “Зь недахопу веданьня гіне народ мой”, — кажа Біблія. Калі б тыя 20—30 тысяч, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, ведалі, чаго хочуць, Пан Бог пачуў бы іх”.

Бог часам пасылае выпрабаваньні тым, каго любіць. Дый зусім не нябесным сілам, спадар Мальчыкаў, адрасавана патрабаваньне апазыцыі аб справядлівых выбарах. Да спраў зямных і грэшных катэгорыі вечнасьці й абсалютнай справядлівасьці дапасаваць наўрад ці магчыма. І пакуль што людзям не застаецца нічога іншага, як галасы праведнікаў падчас выбараў прыроўніваць да галасоў грэшнікаў. А ў Бога, трэба думаць, уласная выбарчая сыстэма: там на старшыню Цэнтравыбаркаму не націсьнеш і бюлетэняў у выбарчую скрыню не падкінеш.

Кароткі ліст ад Яна Каляды зь вёскі Ільля Вілейскага раёну — з развагамі пра падзеі апошніх месяцаў.

“У якой яшчэ краіне апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта зьбіваюць, прыніжаюць, а пасьля выбараў кідаюць у турму? А прэзыдэнт зусім не саромееца за дзеяньні сваіх падначаленых. Наадварот — заахвочвае іх.

Такая ідэалёгія прагніла, і даўно асуджана цывілізаваным сьветам. Цікава: ці доўга яна можа пратрымацца на Беларусі...”

Такая практыка, калі палітычныя супраціўнікі дзейнага прэзыдэнта апынаюцца ў турме, — не выключна беларускае вынаходзтва, спадар Каляда. Напрыклад, у дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымах Азіі й Афрыкі гэта — звычайная справа. Там, здараецца, ворагі рэжыму трапляюць ня толькі ў турму, але й на абедзенны стол дыктатара ў выглядзе стравы.

Як доўга цяперашняя сыстэма можа праіснаваць у Беларусі? Калі адказваць коратка: да таго часу, пакуль большасьць беларускага грамадзтва не захоча пераменаў і ня будзе гатова прыкласьці дзеля такіх пераменаў уласныя намаганьні.

Аўтар наступнага ліста — Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Слухач разважае пра лёс Беларусі, беларусаў і беларускае мовы:

“Нават тут, у вёсцы, тыя, каму за семдзесят, ненавідзяць сваю ж мову. І падазраю, што шчыра ненавідзяць. Вось да чаго дайшло. І як тут жыць, калі нават настаўнікі такія?

Каб жа гэтыя людзі хоць на імгненьне глянулі на сябе збоку. Як усё гэта брыдка! Як дзіка слухаць беларусаў, нават калі яны й добра ведаюць расейскую мову. Штосьці такое нізкагатункавае чуецца ў голасе.

Памятаю, які неверагодны дыскамфорт цярпеў я ў войску. А быў тады настолькі выхаваны ясеніншчынай, што сорам і адчуваньне непаўнавартасьці здушвалі горла: чаму я ёсьць беларусам? Дзіва, але, нязважна на ўсе намаганьні й прагу стаць расейцам, язык мой рабіўся чужым — нібы, які пратэз у роце. Тады я гэтага ніяк ня мог зразумець. І толькі цяпер, праз шмат гадоў, пачаў адчуваць, якая гэта ганьба, які дурман — родную мову й нацыю сваю кінуць пад ногі. Праўда, я па-ранейшаму ў захапленьні ад вялікіх расейскіх галоў — нягледзячы ні на што. Аднак цяпер для мяне найперш — усё сваё, а толькі потым — чужое”.

Прычыны многіх моўных і мэнтальных бед беларусаў Алесь Васілеўскі бачыць у гісторыі. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Вельмі доўга і ўпарта спачатку расейская, а потым бальшавіцкая імпэрыя імкнулася нас русіфікаваць, зрабіць расейцамі. Аднак у выніку толькі скалечылі, і тым нарабілі гора й сабе. Нельга перарабляць створанага Богам — таго, што складалася вякамі. Бо нават калі ня будзе адкрытага супраціву, дык будзе глыбокая схаваная нянавісьць. Няўжо Расеі ўсё гэта патрэбна?”

Цягам пятнаццаці ўжо год, спадар Васілеўскі, Масква не дыктуе колішнім савецкім рэспублікам, на якой мове вучыць дзяцей, выдаваць газэты, весьці тэлепраграмы. Менавіта за гэтыя пятнаццаць год русіфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця ў Беларусі дасягнула такіх маштабаў, якія выглядаюць унушальнымі нават на тле савецкага часу. Чаму? Аднымі толькі гістарычнымі абставінамі й колішнімі крыўдамі на недружалюбных суседзяў гэтага ня вытлумачыш. Ня менш неспрыяльныя абставіны былі і ва ўкраінцаў, і ў літоўцаў, і ў латышоў... А вось жа яны здолелі пайсьці зусім іншым шляхам.

Відавочна, адказ на гэтыя пытаньні Вы, спадар Васілеўскі, ведаеце сам: ён схаваны ў Вашым уласным досьведзе, у тым цяжкім і супярэчлівым шляху, які ўрэшце прывёў Вас да асэнсаваньня беларушчыны.

На заканчэньне — ліст ад Віктара Казьмерчука са Сьветлагорску. Разам зь лістом слухач даслаў фатаздымак піўнога бару на вуліцы Сьвярдлова ў родным горадзе. Бар называецца па-беларуску — “Вячоркі”, але ў афармленьні на шыльдзе выкарыстана чамусьці не беларуская, а расейская літара “и”. З гэтай нагоды Віктар Казьмярчук піша:

“Гаспадар бару зрабіў гэта, нягледзячы на заўвагі сьвядомых людзей. Ён кажа, што слова гэта яму падабаецца, і каб яно стала расейскім, — ён замяніў літары. Мясцоваму кіраўніцтву да гэтага няма справы: яно лічыць такую дробязь ня вартай увагі. Тым больш, што “вэртыкаль” чуйна ставіцца да моўных густаў кіраўніка краіны, стаўленьне якога да беларускай мовы вядомае.

Заўважу, што бар гэты ствараўся за савецкім часам, і тады называўся па-беларуску. Гэта, лічу, ня дробязь, а важная палітычная справа”.

Свой ліст Віктар Казьмярчук суправаджае наступнай прыпіскай:

“Я ўжо пэнсіянэр, але гэта ня значыць, што палітыка рэжыму мне падабаецца. Ад самага пачатку я чакаю ейнага канца”.

Думаю, спадар Казьмярчук, ня варта Вам ужо надта пераймацца з нагоды гэтай шыльды. Слова “вячоркі” было й застанецца беларускім — як бы ні перастаўляў літар гаспадар бару. Не яму вызначаць лёс лексікі той ці іншай мовы. А гэтыя маніпуляцыі зь літарамі калі што й засьведчылі, дык толькі моўную непісьменнасьць, а зусім не палітычную пільнасьць прадпрымальніка.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG