Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Ірына Халіп атрымала папярэджаньне ад пракуратуры


Радыё Свабода Сёньня журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў гарадзкую пракуратуру, каб азнаёміць з папярэджаньнем за шэраг ейных сёлетніх публікацый у расейскай “Новой газете”.

(Халіп: ) “Мяне папярэджваюць амаль за ўсе мае артыкулы ў “Новой газете” за 2006 год — за ўсё, што тычылася выбарчай кампаніі й супраціву пасьля яе. Папярэдзілі, што ў маіх артыкулах ёсьць прыкметы парушэньня двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і паклёп на прэзыдэнта.

Пакуль што мне папросту растлумачылі зьмест гэтых двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. А далей ужо (пазначана ў папярэджаньні), калі я буду працягваць працаваць так, як я цяпер працую ў “Новой газете”, — наступіць крымінальная адказнасьць.

Як працавала, так і буду працаваць далей. А іхная ўвага да маіх артыкулаў сьведчыць толькі пра тое, што пракурорскім таксама патрэбны нейкія крыніцы незалежнай, альтэрнатыўнай інфармацыі”.

Гэта ўжо другое папярэджаньне пракуратуры, вынесенае Ірыне Халіп. Першае яна атрымала летась увосень за артыкул у “Новой газете” на тэму “Ці будзе рэвалюцыя ў Беларусі?”, у якім былі заўважаны прыкметы заклікаў да сілавога зьмяненьня Канстытуцыйнага ладу.

Летась жа Ірына Халіп была ўганаравана прэміяй “Герой Эўропы” ў намінацыі “Мужнае сэрца”, заснаванай амэрыканскім часопісам “Time”.
XS
SM
MD
LG