Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава хоча рэгуляваць дзейнасьць інтэрнэт-выданьняў (абноўлены)


Радыё Свабода Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч заявіў пра магчымыя зьмены ў “Законе аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі”, якія найперш будуць тычыцца заканадаўчага рэгуляваньня інтэрнэту ў дзяржаве. Якія зьмены плянуюцца й якім чынам яны могуць адбіцца на дзейнасьці беларускіх інтэрнэт-выданьняў?

Як заявіў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч агенцтву БЕЛТА, “карэктыроўка Закону будзе праводзіцца ў рэчышчы інфармацыйнай палітыкі, выпрацаванай у Беларусі ў сувязі з новым этапам яе сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця”. Аднак, паводле памочніка міністра інфармацыі Віктара Казлова, пэўнасьці са зьменамі ў артыкулах Закону пакуль яшчэ няма.

(Казлоў: ) “Міністар не сказаў, што будуць такія зьмены. Міністар толькі выказаў меркаваньне. Па-другое, ніякіх падрабязнасьцяў няма”.

Пра цяперашні прававы статус інтэрнэт-выданьняў гаворыць начальніца прававога ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Лілія Богдан.

(Богдан: ) “Цяпер інтэрнэт-выданьні ніяк не ўрэгуляваны заканадаўча. Яны не рэгіструюцца, і, у прынцыпе, ніякай рэглямэнтацыі не існуе ў нарматыўна-прававых актах. Думаю, што мы будзем адным з распрацоўшчыкаў, безумоўна”.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае, што Міністэрства інфармацыі ўжо доўгі час не ідзе на кантакты з гэтай журналісцкай арганізацыяй, і таму яны ня маюць дакладнай інфармацыі пра магчымыя зьмены ў Законе аб друку.

(Бастунец: ) “Калі адштурхоўвацца ад тых прапаноў, якія былі ў праекце новай рэдакцыі Закону аб друку, то зьбіраліся прыраўняць інтэрнэт-СМІ да друкаваных выданьняў. Адсюль і патрабаваньне рэгістрацыі. З тых падыходаў, якія былі ў праекце, бачна: стваральнікі гэтых нормаў ня вельмі ўяўляюць, што такое інтэрнэт і як яны будуць падзяляць інтэрнэт-выданьні й карпаратыўныя сайты. Пра які архіў нумароў можа весьціся гаворка, калі гэта, напрыклад, адбываецца ў рэжыме он-лайн?”

Андрэй Бастунец называе тое, што адбываецца вакол інтэрнэту, спробай уладаў падпарадкаваць сабе інтэрнэт-прастору. Пры гэтым, прадстаўніку БАЖ складана прадугледзець, як усё меркаванае можа ажыцьцяўляцца. Бо шматлікія сайты не знаходзяцца ў дамэннай зоне by.

Рэдактар інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” агенцтва БЕЛАПАН Кірыл Пазьняк схіляецца да таго, што будуць уроўнены ўмовы для друкаваных і інтэрнэт-выданьняў.

(Пазьняк: ) “У гэткіх умовах ужо будзем выжываць і працаваць — як і папяровыя выданьні. Мне здаецца, вялікіх праблем ня будзе, да прыкладу, — у “Беларускіх навінаў”. Натуральна, ёсьць у інтэрнэце выразна апазыцыйныя рэсурсы. Дык у іх могуць узьнікнуць праблемы — накшталт перасьледу за нейкія публікацыі”.

Як сьведчаць экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў, і цяпер дзяржава мае магчымасьці прыцягваць журналістаў да адказнасьці за публікацыі на інтэрнэт-сайтах. У судовых працэсах супраць журналістаў Паўла Мажэйкі, Міколы Маркевіча й Віктара Івашкевіча фігуравалі менавіта інтэрнэт-публікацыі. Некалькі гадоў таму праз суд прыцягвалі да адказнасьці дэмакратычную актывістку Наталю Каляду — сярод іншага, за публікацыю на сайце “Хартыі” маніторынгу аб парушэньнях правоў чалавека.

У суседняй Расеі інтэрнэт-выданьні рэгіструюцца з жаданьня саміх выдаўцоў. Гэта дае ім пэўныя падаткавыя прэфэрэнцыі й магчымасьць супрацоўнікам мець статус журналіста. У апошнія гады рабіліся прапановы, пераважна — з боку ФСБ, усталяваць больш жорсткі кантроль дзяржавы над інтэрнэтам. Аднак пакуль ніякіх зьменаў у законе аб СМІ ня зроблена. Найбольш жорстка інтэрнэт-прастора кантралюецца дзяржавай у такіх краінах, як Іран і Кітай.

Даведка БАЖ: Дзейны “Закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” быў прыняты ў 1995 году. У 2001 годзе ў Страсбуры былы кіраўнік Дзяржкамдруку Міхаіл Падгайны паабяцаў падаць на экспэртызу падрыхтаваны праект новага закону аб СМІ. Але гэта не было зроблена. З таго часу Беларуская асацыяцыя журналістаў беспасьпяхова дамагалася ўдзелу ў абмеркаваньні памянёнага дакумэнту. БАЖ падрыхтавала альтэрнатыўны законапраект аб СМІ, які ў 2003 годзе перадала ў парлямэнт. Плянавалася, што законапраект будзе прапанаваны на разгляд Палаты прадстаўнікоў у 2003. Потым — у 2004, 2005 гадах. Аднак дагэтуль справа ня зрушылася. У пляне падрыхтоўкі законапраектаў на 2006 год новай рэдакцыі закону аб СМІ не было. Цяпер жа з заявы міністра інфармацыі вынікае, што замест новай рэдакцыі маюць удасканальваць ужо дзейны закон — паартыкульна.
XS
SM
MD
LG