Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадарожнік “БелКА”: навуковы экспэрымэнт ці тэлевізійны рэтрансьлятар?


Радыё Свабода Сёньня ўпершыню ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень Інфармацыйнага Грамадзтва. Паводле звароту Генэральнай Асамблеі ААН, галоўная мэта мерапрыемстваў й акцыяў -- умацаваньне даверу да новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў. У Беларусі, як паведамляе наш карэспандэнт Вячаслаў Кулік, на афіцыйным ўзроўні перадусім прапагандуецца маючы адбыцца старт штучнага спадарожніка Зямлі “БелКА”.

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі інфармуюць, што спадарожнік, які каштуе 10 мільёнаў даляраў, ужо дастаўлены на Байканур. Старт нібыта прызначаны на 28 чэрвеня. Але, як кажа ўдзельнік беларускага касьмічнага экспэрымэнту Альгерд Пятроўскі, цалкам упэўненасьці няма:

(Пятроўскі: ) “Магчымыя ўсялякія фарс-мажорныя абставіны. Ці мала што можа здарыцца”.

Са словаў суразмоўцы, раней плянавалася, што спадарожнік будзе праводзіць геадэзічныя, картаграфічныя ды іншыя навуковыя працы. Цяпер, аднак, перадусім афішуецца функцыя касьмічнага рэтрансьлятару трох беларускіх тэлеканалаў: БТ, АНТ, СТБ. Спраўджвае інфармацыю й старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры й навукова-тэхнічнаму прагрэсу Уладзімер Здановіч.

(Здановіч: ) “Цяпер у краіне перадача радыё- й тэлеінфармацыі ў большасьці ажыцьцяўляецца з дапамогай тэлевізійных рэтрансьлятараў. Гэта значна дарагія ўстаноўкі. Вось, напрыклад, у Драгічыне была пабудаваная такая ўстаноўка, коштам амаль адзін мільён даляраў. А яна перадае ўстойлівы сыгналь толькі ў радыюсе 70-80 кілямэтраў. Спадарожнік ахоплівае тэрыторыю ўсёй краіны. Таксама зьявіцца магчымасьць рэтрансьляцыі нашых тэлеканалаў на іншыя краіны”.

Паведаміў Уладзімер Здановіч. Касьмічны спадарожнік “БелКА” выраблены расейскай ракетна-касьмічнай карпарацыяй “Энэргія”. Яе спэцыялісты даводзяць, што калі навуковы апарат дадаткова абсталяваны тэле- й радыёрэтрансьлятарамі, дык яго дасьледчыя функцыі значна абмежаваныя. Кіраўнік Рады беларускае інтэлігенцыі Уладзімер Колас ўпэўнены што для цяперашняй улады касьмічны спадарожнік якраз і патрэбен як рэтрансьлятар прапагандысцкіх праграмаў, якія пакуль не даходзяць у асобныя рэгіёны краіны.

(Колас: ) “Узровень прапагандысцкага прадукту, што ствараюць беларускія тэлеканалы, вельмі нізкі. Тым ня менш Беларусь якраз служыць яскравым прыкладам таго, як з дапамогай электронных сродкаў масавай інфармацыі рэжым імкнецца ўсталяваць кантроль над грамадзкай сьвядомасьцю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG