Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэм’ера “Коду да Вінчы” ў Беларусі пад пагрозай


Радыё Свабода Агляд беларускай недзяржаўнай прэсы 17 траўня

Сёньня адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё мосту праз раку Сэрвач на ўчастку Кіякова – Латыголь, паведамляе “Вольнае Глыбокае”. 50 гадоў таму стары мост згніў... Распавядае рэдактар тыднёвіка Ўладзімер Скрабатун.

(Скрабатун: ) “На другім беразе ракі Сэрвач засталіся дзьве вёскі. І докшыцкія ўлады, каб не будаваць мост, перадалі тыя вёскі Глубоцкаму раёну. Людзям, каб патрапіць у Докшыцы, трэба было ехаць лішнія 25 – 30 кілямэтраў. І вось цяпер будаўнікі з чыгуначных войскаў пабудавалі мост. Па гэтым мосьце праз 50 гадоў зноў паедуць аўтамабілі, павозкі гужавыя”.

У Бабруйску поўнай хадой ідзе падрыхтоўка да “Дажынак”, таму горад зараз цалкам перакапаны. З-за гэтых нязручнасьцяў адбылося некалькі аварыяў з цяжкімі наступствамі, паведамляе “Бобруйский курьер”.

У камандзе “Белшына” адбылася “Зьмена рулявога”. Бабруйчане цяпер займаюць апошняе месца ў краіне. Пасьля чарговай паразы футбалістаў трэнэр Алег Волах адпраўлены ў адстаўку, новым трэнерам “Белшыны” прызначаны Міхаіл Мархель, які раней гуляў за менскае “Дынама”.

“Газэта Слонімская”у сераду распавядае, як “Вайскоўцы з мясцовымі ўладамі дзеляць межы гораду”. А вось юныя слонімцы зрабілі добрую справу – прыбралі тэрыторыю ракі Шчара. Распавядае журналіст Мікалай Канановіч:

(Канановіч: ) “На гарадзкім пляжы было шмат сьмецьця. Праўду кажуць: каму мір, а каму і пір”. Нашы людзі зусім ня ўмеюць адпачываць. Дзеці ж малайцы, з ахвотай папрацавалі на сьвежым паветры. Ад Шчары дзеці несьлі свой “улоў” да бліжэйшага кантэйнэру для сьмецьця ў горадзе. Бо на тэрыторыі пляжу, дзе традыцыйна ня ўмеюць адпачываць слонімцы, кантэйнэры для збору сьмецьця ніяк не паставяць”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” паведамляе, што “Прэм’ера “Кода да Вінчы» у Менску пад пагрозай. Вернікі просяць забараніць паказ фільма, хаця квіткі ўжо прадаюцца. Лёс стужкі напярэдадні прэм’еры будзе вырашаць экспэртная камісія.

У Нью-Ёрку беларуская мадэль Тацяна Сіманава пераблытала уваходныя дзьверы аўтобуса і дзьверы ў прыбіральню. І адчыніла іх на хуткасьці 64 кілямэтры. На шчасьце, дзяўчына засталася жывая, але ў яе пераломы, вывіхі, піша “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
XS
SM
MD
LG