Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аблога” – агляд беларускага Інтэрнэту 16 траўня


Юлія Шарова, Менск

Перамогу беларускай зборнай па хакеі над швайцарцамі й выхад каманды ў чвэрцьфінал чэмпіянату сьвету камэнтуюць у беларускіх ЖЖ-блогах. Удзельнікі кам’юніці minsk_by абменьваюцца эмацыйнымі выклічнікамі, кшталту “Ура!”, “Малайцы!”, “Оле! Оле!” Форумы TUT.by пакуль ня надта актыўна адгукаюцца на гэтую падзею – узьнікаюць асобныя галінкі, у якіх па два-тры камэнтары. Вось, напрыклад, карыстальнік kasperets піша: “Выдатна, малайцы!.. Канечне ў канцы было нялёгка… Мяне больш за ўсё пазабавіла: у часе тайм-аўта наш трэнэр роў і пырскаў сьлінаю, а празь некалькі сэкунд ледзьве ня плакаў ад шчасьця… А яшчэ прыкалола заляпуха Навіцкага: “Тут у зоне швайцарцаў Скабелка з Касьціцыным рабілі спробу спараваньня”.

Vovansystems у сваім ЖЖ распачаў публікацыю ўласных турэмных дзёньнікаў – яго затрымалі й пасадзілі на 15 сутак за ўдзел у акцыі 7 красавіка на Кастрычніцкай плошчы. “Падымаюць недзе ля 7-8 раніцы — даюць венік, швабру, анучку і вядро — прыбіраць камэру. Праз паўгадзіны сьняданак — каша і цёплая вада іржавага колеру з асадкам (гарбата?). А 17-й недзе абед+вячэра: балянда з пахам супа, каша з гумавым катлетазайменьнікам, гарбата бяз цукру й заваркі. кормяць штодзёньна (раней праз дзень — «лётны» дзень быў і «нялётны», трохразавае харчаваньне — панядзелак, серада, пятніца…) лыжкі нармальныя алюмінівыя збольшага (раней былі з абрэзанымі ручкамі, каб заточкі не рабілі). У камэры 1 алюмінівы кубак з нацарапаным “Жыве Беларусь”.

На афіцыйным сайце Берасьцейскага гарвыканкаму – анонс “гарачага тыдня мерапрыемстваў” ад мясцовага гаркаму БРСМ: усіх ахвочых запрашаюць на пашыраны пленум гаркаму, на ўрачысты прыём у БРСМ ды на “Дзень памяці ахвяраў СНІДу”.

На форуме Адкрытага гістарычнага клюба студэнты-гісторыкі гутараць пра разьмеркаваньне. “Мінадукацыі канчаткова вырашыла, што будзем мы, то бок, бясплатнікі, трубіць 2 гады па абавязковым разьмеркаваньні… – піша каардынатар клюбу Programmer. – А цяпер вось вам факт – летась ва Ўкраіне тое ж самае было. Толькі студэнты не засталіся ў баку й за год страйкаў дамагліся таго, каб Юшчанка падпісаў указ пра адмену разьмеркаваньня. Альбо каб яно насіла рэкамэндацыйны характар. Супраціў ачоліла “Студэнцкае брацтва”. А ў нас што? У БРСМ ці можа ў прафсаюз зьвярнуцца, што маё канстытуцыйнае права парушаюць?”

На TUT.by абмяркоўваюць артыкул з рэсурса Lenta.ru “Літаратары папрасілі Юшчанку закрыць для Лукашэнкі крымскія курорты”. “Цікава, але пераважная бальшыня грамадзянаў Беларусі, якія жывуць ва Ўкраіне, падтрымалі кандыдатуру Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка. За яго прагаласавала 91,4 адсотка выбарнікаў. У той жа час у самой Беларусі Лукашэнка набраў каля 83 адсоткаў галасоў. Вось няхай і едзе туды, дзе рэйтынг большы”, – піша Ananimka

ЖЖ-аўтар Hondurazian прачытаў на сайце Свабоды матэрыял Валера Каліноўскага пра новую паслугу пошукавай сістэмы google – цяпер там можна даведацца, наколькі часта пэўныя словы ці фразы выкарыстоўваць у тых ці іншых краінах. “…спадар Валер Каліноўскі сьціпла замоўчвае, што Беларусь уперадзе плянэты ўсёй па запытах: “порно”, “наркотики”, “геи” і нават, прабачце, “х…” Па запытах: “секс”, “водка” й г.д. мы таксама далёка не апошнія. Гл. таксама “деньги”, “халява”, “сиськи”. Сумная статыстыка”.

А сайт Менгарвыканкаму разьмесьціў навіну, якая павінна выклікаць трымценьне ў аматараў піва і ў гаспадароў камэрцыйных шапікаў: менская міліцыя прапануе ўвесьці забарону на продаж піва ды іншых алькагольных напоеў у такіх кіёсках. Прычым тычыцца гэта ня толькі піва, але і ўлюбёнага пітва тынэйджэраў, кшталту джын-тоніка ці “Зялёнага яблыка” – там алькаголю градусаў 6. Ініцыятыву міліцыі падтрымлівае й старшыня камітэту ахову здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітры Піневіч. Зь веданьнем справы мэдык разважае: “Горшай атруты за джын-тонік і салодкія алькагольныя напоі такога ж кшталту я не сустракаў. Усе ягоныя хімічныя складнікі, дзякуючы ўтрыманьню ў ім цукру, хутка засвойваюцца. У выніку наносіцца велізарная шкода стрававальнай, нэрвовай і кровеноснай сістэмам”.

Беларуская пісьменьніца Югася Каляда, якая ў свой час ледзьве не прымусіла юных гераіняў уласнай аповесьці “Галоўная памылка Афанасія” піць зраніцы гарэлку, цяпер піша ў сваім інтэрнэт-дзёньніку: “Алькаголь, які разьліваюць на банкеце - гэта ЗЛО, ЗЛО, ЗЛО… Але ў параўнаньні з тым, як я здавала, не працьверазеўшы, экзамен у аўташколе... У мяне толькі ад згадкі пра той экзамен пачынаюцца галаўныя болі. У машыне трываў бензінавы смурод, і я, заміж таго, каб сачыць за дарогай, сачыла за касьмічнымі войнамі ў галаве ды страўніку. Ня ў стане кантраляваць сутаргавыя рухі рук ды ног, я так газанула на эстакадзе, что ледзь ў той космас не паляцела”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG