Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусь Мысьлівец (15.12.1945, Драгічын – 7.4.2006, Драгічын. Пахаваны ў в.Вулька Сіманаўская Драгічынскага раёну)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Яго называлі “галоўным бандытам раёну”. Такім Кастусь Мысьлівец быў у вачах драгічынскай намэнклятуры. Для сяброў і паплечнікаў ён да апошніх дзён заставаўся ці ня самым адданым патрыётам Беларусі ў палескім краі.

Пры канцы 1980-х Кастусь стаў актывістам грамадзка-культурнага згуртаваньня “Полісьсье”, але неўзабаве рашуча выступіў супроць яго кіраўнікоў. Тыя прапанавалі ідэю стварэньня Беларуска-Палескай фэдэрацыі. Мысьлівец адразу ўбачыў тут пагрозу дзяржаўнай цэласьці краіны. З ініцыятывы сп.Кастуся і ягоных аднадумцаў тры чвэрткі сяброў “Полісьсья”, што жылі на Берасьцейшчыне, далучыліся да структураў Беларускага Народнага Фронту. Сам ён стаў адным зь лідэраў Драгічынскай арганізацыі.

Кастусёў голас гучаў на пікетах і мітынгах, дзе ён патрабаваў паведаміць драгічынцам праўду пра іх накрытыя чарнобыльскімі хмарамі вёскі, дзе пратэставаў супроць будаўніцтва ў райцэнтры экалягічна небясьпечнага біяхімзаводу. Ворагі звальнялі яго з працы, сябры папярэджвалі, каб позна не хадзіў адзін па вуліцах. Але ён заставаўся самім сабой і па-ранейшаму казаў у вочы тое, што думаў, і вэртыкальшчыкам і дэмакратам, якія не маглі адкінуць уласныя амбіцыі і аб’яднацца.

Ён прывёз з Рэспублікі Комі жонку Галіну і навучыў яе беларускай мове. Ён сябраваў зь Юрыем Хадыкам. Ён ня раз сустракаў на сваім падворку лідэраў апазыцыі – кветкамі, нацыянальнымі сьцягамі, сталамі з палескімі абрусамі і прысмакамі. Побач з бацькам быў сын Кірыл на чале скаўцкага аддзелу.

У апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі па колькасьці сабраных за Аляксандра Мілінкевіча подпісаў Драгічын стаў амаль упоравень са значна большымі Баранавічамі і Пінскам. Мысьлівец у тыя дні ішоў ад дому да дому, адпачываючы праз кожныя дзесяць крокаў. Тады, на нагах, ён перажыў першы інфаркт. Другі стаўся фатальным.

Яго пахавалі побач з маці ў роднай вёсцы, мужчыны якой са зброяй у руках змагаліся з бальшавікамі і пасьля Другой сусьветнай вайны. Зь людзей гэткага гарту быў і Кастусь Мысьлівец.

Сёньня споўнілася 40 дзён, як яго душа адляцела ў Вечнасьць.
XS
SM
MD
LG