Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка падзяліўся, што сок двух грэйпфрутаў нашча – гэта здорава, яму параіў Фідэль Кастра. За адны суткі я магу дазволіць сабе толькі сок аднаго фрукта".


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 16 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Станевіч, Шчучын: ) “Уладныя СМІ увесь час кажуць, што нам падвышаюць пэнсію. Але ж яны забываюць пра тое, што ў законе пра пэнсійнае забесьпячэньне ад 92 году ў артыкулу №70 гаварыцца, што ня пэнсія, а заробкі, зь якіх налічваюцца пэнсіі, павінны пералічвацца кожны квартал у залежнасьці ад росту сярэдняга заробку ў рэспубліцы”.

(Спадарыня:) “Хачу вялікі дзякуй сказаць заходнім краінам. Каб не заходнія краіны, дык нашыя людзі беларускія, напэўна, палова іх, хадзілі б голыя ды босыя. Амаль усе людзі апранаюцца у “сэкандах”, там такая прыгожая адзежа, а наша беларуская у крамах каштуе вельмі дорага. Дзякуй заходнім краінам за дапамогу”.

(Міхаіл Леках:) “Мяне вельмі цікавіць, колькі грошай у месяц амэрыканцы плоцяць салаўю Ягору Маёрчыку?”

(Спадар:) “Дзень добры, шаноўная “Свабода”! Тэлефаную і рады, што тэлефаную на гэтае радыё. Але ж часам не заўсёды задаволены навінамі. Вось нядаўна ў нас адбываліся даволі пазытыўныя рэчы ў нашым горадзе, у нашым Менску. Моладзь насуперак дзяржаўнаму Дню сьцягу і герба ўпрыгожвала транспарт, масты ды іншыя пабудовы сьцяжкамі ды проста стужкамі бел-чырвона-белага колеру. Людзі хадзілі па гораду са значкамі ды таксама з маленькімі сьцяжкамі. І гэта ўсё адбывалася зусім нядаўна, гэта было ўчора. Але ні ўчора, ні сёньня ні воднага слова аб гэтым я не пачуў. Вось такія пазытыўныя навіны мы не заўсёды чуем на “Свабодзе”. А так вам посьпехаў! І нам быць разам! За свабоду!”

(Спадар:) “Праслухаў сёньня ваш “Праскі акцэнт”. Ну, вельмі не спадабаўся, вельмі прымітыўна. Няма нават словаў і камэнтар ня хочацца рабіць. Трэба неяк больш прадумваць тое, што кажаце”.

(Пэнсіянэр, Віцебская вобл.:) “Добры вечар, дарагая “Свабода”! У мяне да вас прапанова, пазнаёміць слухачоў “Свабоды” са зьместам кніга Алега Алкаева “Расстрэльная каманда”, вокладку якой паказваў Аляксандра Казулін у час выступленьня у пэрыяд перадвыбарчай кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі”.

(Выкладчыца:) “Паважаны дырэктар радыёстанцыі “Свабода”, як можна разумець у паведамленьні Бандарука пра тое, што на Маскоўскіх могілках адбылося на днях? Можа, гэта нейкія іншыя могілкі ці ў нейкім гэта іншым горадзе? Калі ў Менску, то ёсьць Усходнія могілкі. Бо ў транспарце адбыўся нядаўна такі выпадак, недарэчнасьць, я лічу, якая ідзе менавіта вось ад такіх перадачаў, калі недакладнасьць узьнікае ў нас.

Дык вось. Адна дама сталага веку дапытвалася ў хлопца, як праехаць на вуліцу Горкага. Я ёй і скажы, каб спыталася каго-небудзь старэйшага. Тады пайшоў вал: “А мой унук ведае!” Думаю, што такія пытаньні не павінны ўзьнікаць у перадачах паважанай радыёстанцыі “Свабода”.

(Ніна Аляксееўна, Менск:) “Дарагое Радыё Свабода, нядаўна патэлефанаваў да вас спадар зь Віцебску. Ён вельмі хваліў Лукашэнку наконт будоўлі будаўнічых комплексаў, хакейных каробак, лыжных пабудоваў, што гэта для здаровага ладу жыцьця, што мы будзем усе здаровыя. Хай ён прыедзе сам у Сілічы ўзімку гэты віцяблянін. За дзьве гадзіны ўзятага напракат інвэнтару ў мяне застаецца магчымасьць аплаціць толькі квартплату, а за астатнія 30 дзён здорава працягнуць ногі. Яшчэ пра здаровы лад жыцьця. Лукашэнка падзяліўся, што сок двух грэйпфрутаў нашча – гэта здорава, яму параіў Фідэль Кастра. За адны суткі я магу дазволіць сабе толькі сок аднаго фрукта – і ўсё. А ад такога здаровага вобраза жыцьця можна проста падохнуць ад голаду, ня лічачы, што застанесься без адзеньня, лекаў і ўсяго неабходнага”.

(Віктар, Мачулішчы:) “Перадачу Радыё Свабода на расейскай мове добра кантралююць і робяць усё неабходнае, каб яе немагчыма было пачуць. Так было ў пятніцу, калі была перадача “Грани времени” наконт коштаў на газ”.

(Уладзімер:) “Наконт учорашняга інтэрвію спадарыні Дынько ў “Начной Свабодзе”. Трэба адзначыць, што калі сям’я беларускамоўная , але яна яшчэ займаецца загартоўкай сваіх дзетак, то такіх дзетак выхоўваць удвая цяжэй. І трэба прызнаць, што ў нас большасьць размаўляе на расейскай мове, і нашыя дзеці таксама вымушаны большую частку размаўляць на расейскай мове, таму што інакш у іх будзе ня вельмі добрае адчуваньне, магчыма, нейкія непаразуменьні зь сябрамі і г.д. Але ў той жа час наша сыстэма загартовак дапамагае выхоўваць нашых дзетак, таксама яна абараняе ад шкоднага ўплыву вуліцаў, таму што мы адметныя ад іншых. Мы шмат можам, а яны ня могуць. Трэба яшчэ адзначаць, што сучасная сям’я падвяргаецца вялікаму вонкаваму ўплыву, не заўсёды бацькі тут могуць нешта зрабіць. А таму, спадзяюся, што вось гэтыя загартоўка і беларускамоўнасьць дасьць той трывалы фундамэнт, які дапаможа захаваць нашую сям’ю і тады, калі дзеці ўжо будуць дарослыя, знайсьці зь імі таксама паразуменьне”.

(Анастас Семяновіч:) “Таварышы магілёўскія бальшавікі-лукашысты! Вы вырашылі сабраць па сто рублёў нашаму беднаму галоўнаму начальніку Беларусі, каб ён змог спакойна ісьці ў адпачынак пасьля цяжкай працы, якой ён займаўся 12 год. Я і мільёны беларусаў аддадзім яму месячную пэнсію, каб ён сышоў у адпачынак. Пэнсію яму прызначым, якую на сёньняшні дзень атрымоўваюць заслужаныя працаўнікі, жыльлё і машыну набудзем за кошт пэнсіянэраў. Але вы глыбока памыляецеся, лукашысты магілёўскія, я хацеў бы быць такім жабраком, як галоўны начальнік Беларусі.

А цяпер да вас, шаноўныя гаспадыні і гаспадары, пытаньне. Эўракамісія хоча абнародаваць рахункі нашых вялікіх начальнікаў. Грошаў зараз ня будзе, яны іх зьнялі, але сьлед, напэўна, у банках павінен быць, яго трэба абнародаваць. Іхныя грошы, вялікая верагоднасьць, на Кубе”.

(Спадар:) “Хачу падзякаваць амэрыканцу Бушу за прынятае ім рашэньне, каб нашыя кіраўнікі рэспублікі ня езьдзілі ў Амэрыку. А тое ж яны пачкамі там па брадвэю бадзяліся, аб’ядалі Амэрыку і іншыя гарады. А так хай сядзяць дома, ну, мо зьезьдзяць куды-небудзь. Якая эканомія будзе для Беларусі, уяўляеце! Жыльлё можна пабудаваць. Малайчына Буш! Гэта па-першае.

Па-другое, а што гэта за мянушка такая, што гэта за званьне такое: Мілінкевіч – кандыдат у прэзыдэнты? Гэта што, я вось, напрыклад, быў дэпутатам некалькіх скліканьняў, дык што я буду цяпер кандыдатам 8 ці 10 скліканьня ў Беларусі? Ёсьць жа прозьвішча і імя, так і кажыце. Толькі вашае радыё такое прыдумае”.

(Спадар:) “Сёньня раніцай адказваў на пытаньні Манаеў, доктар навук. Што ён казаў? Адказваў на пытаньні зусім непісьменных людзей, якія ня ведаюць, што ў часы вайны быў забіты кожны трэці беларус. Больш таго, не без дапамогі ЦРУ узарвалі Чарнобыль напярэдадні дня 1 Мая ў густанаселенай частцы Эўропы нашага Савецкага Саюзу, калі вецер шоў на Беларусь і Ўкраіну. Зьнішчылі чацьвертую частку Беларусі і зараз раўняюць з прыбалтамі нас. Заробкі і пэнсіі ў нас нармальныя! Хто хоча працаваць, усё ёсьць да машыны! Ідзі, крычы па вуліцы супраць Лукашэнкі, супраць каго, ніхто цябе не затрымае, ніхто цябе не зачэпіць – самая сапраўдная дэмакратыя. А гэтыя адшчапенцы, Мілінкевіч, Казулін і ім падобныя, ніколі ня будуць нашымі прэзыдэнтамі, акрамя Лукашэнкі! І ня трэба прапагандаваць тое, што супраць вас! Мы сумняваемся, што вы за людзі. Мы ня ведаем польскай мовы, мы ня ведаем заходнеэўрапейскай мовы. Навошта яны нам? Для чаго яны нам? Нам Расеі дастаткова, каб гандляваць, жыць і сябраваць, бо адной мовы, адной веры!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG