Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выдаўцы беластоцкай "Нівы" апраўданая судом


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку быў абвешчаны вырак у справе выдаўцоў – праграмнай Рады тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва". На працэс прыехалі шмат палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў з Польшчы і Беларусі, у тым ліку Аляксандар Мілінкевіч і былы польскі пасол у Беларусі Марыюш Машкевіч.

Усе 11 сябраў праграмнай рады "Нівы", на чале з прафэсарам Яўгенам Мірановічам, у справе якіх вялося сьледзтва, прызнаныя невінаватымі.

Суд падкрэсьліў, што яны не зрабілі ніякага злачынства, бо пэўныя памылкі ў справаводзтве, якія мелі месца, не азначаюць, што беларускія дзеячы мэтанакіравана хацелі зьдзейсьніць злачынства.

Суд адзначыў, што абвінавачваць выдаўцоў "Нівы" маглі толькі асобы, непрыхільныя да іх.

Прысутныя віталі рашэньне суду воплескамі.

Пасьля абвяшчэньня выраку спадар Мірановіч заявіў Радыё Свабода, што цешыцца з таго, што суды ў Польшчы сапраўды незалежныя, і суд кваліфікаваў сьцверджаньні дзяржаўных абвінаваўцаў, як непраўдзівыя.

Нагадаем, працэс у справе "Нівы" пачаўся летась, пасьля таго, як кантрольныя органы спраўдзілі фінансавыя апэрацыі газэты ў 2001-2003 гадох. Паводле кантралёраў, выдаўцы "Нівы" парушалі заканадаўства, калі выдаткоўвалі грошы зь бюджэтных датацыяў у неадпаведныя тэрміны. Пракуратура, аднак, прызнала, што ніводзін грош з датацыяў ня зьнік. Гэта, зрэшты, пацьвердзіў сёньня і суд.

Сама праграмная рада газэты заяўляла, што парушэньні вынікалі з таго, што датацыі паступалі ў сакавіку кожнага году, а выдаць усе грошы трэба было да лістапада. Але газэту трэба выдаваць рэгулярна, у тым ліку і ўзімку. Таму даводзілася купляць на запас паперы, плаціць папярэднія рахункі і г.д. Суд сьцьвердзіў, што інакш яны паступіць і не маглі, калі хацелі захаваць тыднёвік.

Падтрымаць выдаўцоў "Нівы" прыехалі вядомыя палітыкі і дыпляматы, у тым ліку Аляксандар Мілінкевіч і былы пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.
XS
SM
MD
LG