Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці называў Алесь Пушкін дырэктарку школы "рускай акупанткай"?


Міхал Стэльмак, Менск У Крупках раённы суд сёньня разглядаў справу вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Яго абвінавачваюць за абразу дырэктара школы ў мястэчку Бобр.

Ініцыявала справу дырэктар Бобрскай школы Яўгенія Шэкун. Паводле Алеся Пушкіна, яны даўно ў канфліктных дачыненьнях:

(Пушкін: ) “Дырэктарка Бобрскай школы Шэкун напісала 12-га траўня начальніку Крупскай міліцыі падпалкоўніку Пагудаву Ўладзімеру Аляксеевічу заяву, што Пушкін Алесь 27 красавіка гэтага году прыйшоў да яе ў школу і ўчыніў скандал: абазваў рускай акупанткай і сказаў, што яна не павінна займаць дзяржаўную пасаду ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. І вось яна на судзе сьведчыла, што якраз гэтыя словы й фігуравалі ў той улётцы, наклеенай на абліты чорнай фарбай помнік Чабатарову”.

Нагадаю: 12 траўня Алесь Пушкін быў затрыманы — ў зьвязку з пашкоджаньнем у Бабры з 9 на 10 траўня помніка Герою Савецкага Саюзу, опэрупаўнаважанаму аддзелу контравыведкі СМЕРШ Васілю Чабатарову. Той помнік нехта абліў чорнай фарбай. Міліцыя падазрае ў гэтым мастака.

У доме Алеся Пушкіна міліцыянты ўчынілі ператрус, сканфіскавалі друкаваную прадукцыю — паміж іншага, і брашуры Зянона Пазьняка пра беларуска-расейскія дачыненьні. Цягам трох дзён мастак знаходзіўся ў міліцэйскім пастарунку ў Крупках. 15 траўня ён быў адпушчаны.

Алесь Пушкін лічыць невыпадковым зварот у суд дырэктара школы пасьля здарэньня з помнікам Чабатарову.

Ён не адмаўляе, што неаднаразова прыходзіў у школу і рабіў заўвагі дырэктару Шэкун. Але не абражаў яе. У Алеся Пушкіна расьце сын, які празь некалькі год пойдзе ў гэту школу. І бацька хоча, каб школа была беларускай…

Мяркуецца, што суд абвесьціць сваё рашэньне заўтра.
XS
SM
MD
LG