Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс пратэстанцкіх вернікаў застаецца няпэўным


Любоў Лунёва, Менск Вернікі з пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” атрымалі перапынак у справе прымусовага продажу будынку, у якім адбываюцца набажэнствы. Сёньня суд чарговы раз ня здолеў прыняць рашэньня ў гэтай справе й даў час прадстаўнікам Менгарвыканкаму для падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакумэнтаў ды належнага іх афармленьня. Пастар царквы ўпэўнены, што сапраўднай мэтай уладаў ёсьць ліквідацыя пратэстанцкай суполкі.

Чыноўнікі Менгарвыканкаму настойвалі ў судзе, што будынак пратэстантаў (былы калгасны кароўнік) перашкаджае пляну забудовы ў мікрараёне Сухарава. З патрабаваньня юрыста царквы Сяргея Луканіна яны прынесьлі ў Менскі гаспадарчы суд плян будаўніцтва, але самі прызналіся ў тым, што прыняты ён з парушэньнямі.

У выніку двухгадзіннага разьбіральніцтва судзьдзя прыняў рашэньне даць час прадстаўнікам Менгарвыканкаму для падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакумэнтаў і афармленьня іх належным чынам.

Гэта ўжо другое судовае паседжаньне. Першае адбылося тры тыдні таму. Тады судзьдзя запатрабаваў, каб чыноўнікі прынесьлі на судовае паседжаньне плян забудовы.

Гаворыць Сяргей Луканін, юрыст царквы “Новае жыцьцё”:

(Луканін: ) “Менгарвыканкам не прынёс ніякага афіцыйнага дакумэнту пра тое, як будзе весьціся будоўля на тэрыторыі мікрараёну Сухарава. Усе прынесеныя дакумэнты яны самі ж і паставілі пад сумнеў”.

Прадстаўнікі Менгарвыканкаму адмовіліся даць камэнтар Радыё Свабода.

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што судовыя працэсы ініцыяваны ўладамі з мэтай ліквідацыі суполкі:

(Ганчарэнка: ) “Менгарвыканкам намагаецца расправіцца з нашай царквой. Яны пачалі гэта летась у жніўні й працягваюць свой “праект”. Спрабуюць адабраць наш будынак. Бо гэта — адзіная зачэпка. Калі нас пазбавяць нашай маёмасьці, адбяруць будынак, то нам не застанецца нічога іншага, як стаць на ганку Менгарвыканкаму й там праводзіць набажэнства”.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч заявіў “Свабодзе”, што вернікі добраахвотна будынку не аддадуць.

(Юрэвіч: ) “Мы ведаем, што ўлады будуць спрабаваць адабраць наш будынак. Але ў нас там штодня ідуць набажэнствы, наладжаны кругласуткавыя дзяжурствы. У нас там увесь час знаходзяцца людзі, якія маюць мабільныя тэлефоны. Уся царква гатова, атрымаўшы сыгнал ад гэтых людзей, у любы момант прыехаць да нашага будынку й бараніць яго”.

Улады дэ-юрэ зьліквідавалі тры пратэстанцкія суполкі — на той падставе, што юрыдычны адрас не адпавядаў нормам новага Жыльлёвага кодэксу: суполкі былі зарэгістраваны на кватэрах пастараў. Вернікі суполкі “Новае жыцьцё” маюць свой уласны будынак. У выніку гэтай страты царкву чакае ліквідацыя.

Наступнае паседжаньне ў справе прымусовага продажу будынку заплянавана на пачатак чэрвеня.

Гарадзкія ўлады летась пазбавілі пратэстантаў зямельнага надзелу, а потым абвясьцілі, што будынак (былы калгасны кароўнік) выкарыстоўваецца не адпаведна з прызначэньнем. Цяпер улады намагаюцца ў судзе змусіць вернікаў прадаць будынак — плошчы 1 600 квадратных мэтраў за 17 000 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG