Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць палітыкі ў Беларусі на новыя санкцыі ЗША? (абноўлены)


Радыё Свабода, Менск Указам амэрыканскага прэзыдэнта забаронены ўезд у Злучаныя Штаты чальцам беларускага ўраду й іхным мужам і жонкам, а таксама асобам, якія атрымліваюць фінансавыя выгоды ад палітыкі беларускіх уладаў. Як адрэагавалі на такую забарону беларускія чыноўнікі й прадстаўнікі апазыцыі?

Міністэрства замежных спраў Беларусі сёньня назвала дзеяньні прэзыдэнта ЗША “недальнабачнымі й беспэрспэктыўнымі”. Вось што сказаў Радыё Свабода прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “На нашу думку, гэта, відавочна, не паспрыяе ўсталяваньню нармальных узаемаадносінаў паміж нашымі краінамі. Яшчэ раз хачу падкрэсьліць тое, што мы казалі напярэдадні: няма ніякіх падстаў адказваць нейкімі абмежавальнымі захадамі на выбар народу. Бо гэты выбар адбыўся, і ніхто ня мае права яго зьмяніць. У гэтым сутнасьць нашай пазыцыі. Мы зь яе не сыходзім і лічым яе цалкам справядлівай і абгрунтаванай”.

Сярод тых, каму Ўказам амэрыканскага прэзыдэнта забаронены ўезд у ЗША, — чыноўнікі, адказныя за фальсыфікацыю вынікаў выбараў. Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік, адзін зь фігурантаў сьпісу неўязных у Эўразьвяз, успрыняў рашэньне Джорджа Буша з сарказмам.

(Лазавік: ) “Больш “дэмакратычнага” рашэньня прыняць папросту немагчыма. Людзі (я маю на ўвазе сваякоў чыноўнікаў), якія ня маюць ніякага дачыненьня да палітычных працэсаў, аказваюцца безь віны вінаватымі, і адносна іх ужываюцца нейкія санкцыі. Вось гэта сапраўды “дэмакратычна”.

Чальцы беларускага ўраду пакуль публічна не выказаліся наконт забароны на ўезд у ЗША. Адмовіўся ад камэнтароў прэсавы сакратар Савету міністраў Аляксандар Цімашэнка, спаслаўшыся на тое, што на гэту тэму ўжо выказала сваю пазыцыю МЗС.

А вось лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч вітае рашэньне Белага Дому.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што санкцыі заўсёды мусяць быць кропкавымі. Я лічу гэта слушным захадам. Таму што ва ўрадзе працуюць людзі, якія адказваюць за ўсю ўнутраную палітыку Беларусі. А якая яна — вядома ва ўсім сьвеце. І ў Беларусі — таксама. Таму я падтрымліваю такія санкцыі”.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка зважае на тое, што крок Белага Дому —прадказальны.

(Вячорка: ) “Гэта адразу было зразумела, яшчэ на этапе прыняцьця рашэньняў Эўразьвязам: што будзе супольны захад эўраатлянтычнай супольнасьці. Зроблены дзейсны эфэктыўны крок, скіраваны на дэмаралізацыю гэтых людзей. Мы вельмі спадзяёмся, што сьпіс ня будзе закончаны на 31-й асобе, а ў яго патрапяць сапраўды ўсе, хто нясе пэрсанальную адказнасьць за фальсыфікацыю выбараў і за рэпрэсіі”.

А паводле дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай, такое рашэньне амэрыканскага прэзыдэнта — у рэчышчы ўсёй папярэдняй амэрыканскай палітыкі. Дэпутатка лічыць няслушным тое, што ў сьпіс неўязных трапілі сваякі ўрадоўцаў.

Згодна з Указам Джорджа Буша, забаронены ўезд у ЗША асобам, "якія вызначаюць, рэалізуюць, прымаюць удзел альбо атрымліваюць выгоду ад палітыкі ці дзеяньняў — уключна з фальсыфікацыяй выбараў — і чыняць парушэньні правоў чалавека альбо карупцыю, разбуральныя для дэмакратычных інстытутаў, ці перашкаджаюць пераходу да дэмакратыі ў Беларусі". Сьпіс асоб, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, павінен вызначыць дзяржсакратар ЗША.

Злучаныя Штаты ўжо двойчы ўводзілі візавыя санкцыі адносна беларускага кіраўніцтва – у 1998 годзе падчас крызысу вакол пасольскіх рэзыдэнцыяў у Драздах, а таксама у 2002 годзе, калі беларускія ўлады выціскалі з краіны групу АБСЭ , не працягваючы візы яе супрацоўнікам.

У абодвух выпадках ЗША дзейнічалі салідарна з краінамі Эўразьвязу, у абодвух выпадках візавыя санкцыі былі адмененыя, калі дыпляматычныя крызысы, што выклікалі іх увядзеньне, былі вырашаныя.

У апошнія гады Злучаныя Штаты неаднаразова ўводзілі візавыя санкцыі адносна урадаў і кіраўнікоў розных краінаў, дзейнасьць якіх Вашынгтон разглядаў як шкодную для справы міру і бясьпекі. Падобныя санкцыі уводзіліся адносна кіраўнікоў сэпаратысцкага Прыднястроўя – часткі Малдовы, адносна чальцоў ваеннага кіраўніцтва Бірмы, а таксама адносна некаторых кіраўнікоў Рэспублікі Сэрбскай у складзе Босьніі.

Рэкамэндацыя ўвесьці забарону на ўезд у ЗША для Аляксандра Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў беларускага ўраду ўтрымлівалася ў “Акце аб дэмакратыі для Беларусі”, прынятым кангрэсам ЗША ў 2004 годзе.

Варта дадаць, што візавыя санкцыі, уведзеныя ўрадам ЗША супраць кіраўнікоў іншых дзяржаваў, ня тычацца іх паездак у Арганізацыю Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку.


Гл.таксама • Што думаюць жыхары сталіцы пра рашэньне Буша? • М. Чаргінец называе Дж. Буша “спараджэньнем пекла”
XS
SM
MD
LG