Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвечкі салідарнасьці на 16 запаляць ля расейскай амбасады


Алесь Дашчынскі, Менск Ініцыятары правядзеньня Дня салідарнасьці заклікалі грамадзянаў сабрацца сёньня ля расейскай амбасады ў Менску й запатрабаваць ад Расеі спыніць падтрымку рэжыму ў Беларусі.

Інфармацыя пра акцыю салідарнасьці з палітзьняволенымі й рэпрэсаванымі ў Беларусі распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Некаторыя карыстальнікі мабільнай сувязі атрымалі таксама смс-паведамленьні з запрашэньнем прыйсьці ўвечары з запаленымі сьвечкамі да расейскай амбасады на вуліцы Старавіленскай.

На адмысловым сайце www.solidarity16.org апублікавана заява, у якой гаворыцца, што з усіх суседніх краінаў толькі Расея прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі й па-ранейшаму аказвае ўсялякую падтрымку Аляксандру Лукашэнку. Паводле аўтараў заявы, расейскае кіраўніцтва павінна запатрабаваць ад Лукашэнкі спыненьня рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў, стварэньня незалежнай міжнароднай камісіі ў расьсьледаваньні спраў зьніклых апазыцыянэраў і вызваленьня ўсіх палітвязьняў. У заяве азначаецца, што “Расея ня можа прымаць і ўзначальваць саміт разьвітых дэмакратычных краінаў сьвету, адначасова аказваючы дапамогу апошняму дыктатару Эўропы”.

У гэты дзень а 20-й гадзіне многія грамадзяне запальваюць у сваіх вокнах сьвечкі Свабоды, сымбалічна навязваюць на дрэвы, прымацоўваюць да будынкаў джынсавыя й бел-чырвона-белыя стужкі. Ініцыятары Дня салідарнасьці заклікалі беларусаў, якія жывуць за мяжой, прыйсьці сёньня да амбасадаў і прадстаўніцтваў Расеі ў іншых краінах.

Жонка зьняволенага экс-кандыдата на прэзыдэнта Ірына Казуліна выказала падтрымку ўдзельнікам акцыі. Сёньня ў Маскве яна сустрэлася з кіраўніцай Савету пры прэзыдэнце Расеі ў правах чалавека Элай Памфілавай.

(Казуліна: ) “Сёньня перад Памфілавай мы ўздымалі пытаньне ня толькі пра Казуліна, а й пра ўсіх палітвязьняў. Яна будзе ўдзельнічаць у мерапрыемстве па правах чалавека, якое мае праходзіць паралельна з самітам вялікай васьмёркі. Мы прасілі ставіць гэтае пытаньне пра беларусаў, пра палітвязьняў, якія асуджаны за палітычную дзейнасьць і за неляяльнасьць да рэжыму”.

Ініцыятыва правядзеньня Дзён салідарнасьці запачаткавана пасьля таго, як 16 верасьня 2005 году, у гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю напамінку й адабрала партрэты зьніклых палітыкаў і бел-чырвона-белыя сьцягі. Тады моладзевы актывіст Мікіта Сасім узьняў над удзельнікамі акцыі джынсавую кашулю як сымбаль супраціву. Адзін з ініцыятараў Дзён салідарнасьці, той самы Мікіта Сасім, нядаўна сам стаў 18-м вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG