Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейцы на знак пратэсту ігнаруюць канфэрэнцыю Інтэрполу ў Менску


Радыё Свабода Кіраўніцтва Эўразьвязу на знак палітычнага пратэсту заявіла пра няўдзел эўрапейскіх краінаў у міжнароднай канфэрэнцыі Інтэрполу, якая мусіць адбыцца 17—18 траўня ў Менску. Афіцыйныя беларускія крыніцы дагэтуль не называюць колькасьці ўдзельнікаў канфэрэнцыі.

Са скандалу пачынаецца эўрапейская рэгіянальная канфэрэнцыя Інтэрполу, якая мусіць адбыцца 17—18 траўня ў Менску. Сябрамі Інтэрполу зьяўляюцца 46 эўрапейскіх краінаў. Плянавалася, што большасьць зь іх прышле свае дэлегацыі ў Менск. Але напярэдадні, як паведаміла агенцтва Рэйтар, афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу заявіў пра няўдзел эўрапейскіх дэлегацый у канфэрэнцыі. Такі крок быў патлумачаны палітычнымі прычынамі. Эўразьвяз настойваў на пераносе канфэрэнцыі ў іншую краіну. Цяпер абвешчана, што ў Менск не прыедуць і чатыры віцэ-прэзыдэнты Інтэрполу ад Эўропы.

Начальнік беларускага бюро Інтэрполу Міхаіл Старыковіч з гэтай нагоды заявіў:

(Старыковіч: ) “Гэта іхнае рашэньне, іхная асабістая справа. Ніякім чынам гэтыя рашэньні не ўплываюць на нашы дачыненьні — як паліцэйскіх аб’яднаньняў”.

Міхаіл Старыковіч таксама паведаміў, што канфэрэнцыя 17—18 траўня адбудзецца, на ёй плянуюць абмеркаваць актуальныя праблемы ўзаемадзеяньня й, паміж іншага, тэму сумеснай барацьбы з тэрарызмам. Начальнік Бюро, аднак, не назваў дакладнай колькасьці ўдзельнікаў канфэрэнцыі й тыя краіны, што не прынялі запрашэньня беларускага боку.

(Старыковіч: ) “Рэгістрацыя ўдзельнікаў у нас адбудзецца заўтра, і заўтра, калі ваш карэспандэнт акрэдытуецца, вы на прэсавай канфэрэнцыі зможаце задаць гэта пытаньне”.

Раней афіцыйна свой удзел у менскай канфэрэнцыі Інтэрполу пацьвердзілі некаторыя краіны СНД — Азэрбайджан, Армэнія й Расея, а таксама краіны з Усходняй Эўропы — Баўгарыя, Сэрбія й Чарнагорыя, Македонія, Турцыя. З Заходняй Эўропы прыедуць прадстаўнікі дзяржаў, якія не ўваходзяць ў Эўразьвяз, — Ісьляндыя й Швэйцарыя. Некаторыя краіны Азіі, Афрыкі й Амэрыкі выказалі намер даслаць свае дэлегацыі ў якасьці назіральнікаў. Да сярэдзіны дня 16 траўня ў Міністэрстве ўнутраных спраў не паведамлялі, дэлегацыі якіх краінаў прыбылі ў Беларусь ужо сёньня.

Беларусь уступіла у Інтэрпол у сярэдзіне 1990 гадоў. Праз Інтэрпол было знойдзена й дэпартавана ў Беларусь нямала беларускіх крымінальнікаў. Прыкладам, два гады таму з Польшчы дэпартавалі крымінальнага аўтарытэта Дзёўкша, зьвінавачанага за забойства. Таксама ўдзел у Інтэрполе быў скарыстаны падчас расьсьледаваньня шэрагу гучных спраў.

Гэтак, паводле беларускіх крыніцаў, абвяшчаліся ў вышук праз Інтэрпол кіраўніца Нацыянальнага банку Беларусі Тамара Віньнікава, вядомы прадпрымальнік Аляксандар Пупейка, намесьнік дырэктара МАЗу Аляксандар Якаўлеў. Між тым, паліцыі краінаў Эўропы, дзе жывуць гэтыя асобы, адмаўляюцца выконваць патрабаваньні беларускага боку аб іх затрыманьні й выдачы, спасылаючыся на адсутнасьць адпаведных пагадненьняў.
XS
SM
MD
LG