Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць жыхары сталіцы пра рашэньне Буша?


Радыё Свабода Апытаньне “Свабоды”: "Як вы ставіцеся да рашэньня Джорджа Буша забараніць уезд у ЗША высокапастаўленым беларускім чыноўнікам, а таксама іхным жонкам і мужам?" Карэспандэнтка задавала гэтае пытаньне на вуліцах Менску.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Буш падпісаў Указ аб забароне на ўезд у ЗША высокапастаўленых беларускіх кіраўнікоў, якія спрычыніліся да парушэньня правоў чалавека, фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама перашкаджаюць пераходу да дэмакратыі ў Беларусі. У сьпіс “неўязных” таксама будуць уключаны мужы або жонкі памянёных асоб. Як да гэтага ставяцца беларускія грамадзяне?

(Спадар: ) “Гэтыя санкцыі, якія тычацца дзеючых асобаў з ураду краіны, няхай будуць уведзеныя. Я думаю, што шмат краінаў пагодзіцца з тым, што выбары й сапраўды былі недэмакратычнымі. Але я бы забараніў толькі чыноўнікам, а сем''і не павінны цярпець”.

(Юначка: ) “Канечне, калі гэта адзіная мера, якую ЗША могуць выкарыстаць у дачыненьні беларускіх чыноўнікаў, то падтрымліваю. Але сем''і, жонкі ня маюць дачыненьня да дзеяньняў іхных мужоў. Здараецца так, што з-за аднаго чалавека церпіць уся сям''я. Таму ня варта было б, напэўна, забараняць жонкам, бо яны могуць і не падтрымліваць сваіх мужоў”.

(Юнак: ) “Я стаўлюся да гэтага выключна станоўча. Бо цяперашні ўрад ня мае аніякага дачыненьня да дэмакратыі – самі ж бачыце што адбываецца. Таму лічу, што міжнародная блякада – гэта правільны крок. Таксама, калі жанчына ці мужчына абіраюць сабе таго ці іншага чалавека, то яны ведаюць іхныя погляды й усё ж такі падтрымліваюць іхныя ідэі. Таму лічу, што забарона й на іх распаўсюджваецца правільна”.

(Спадар: ) “Пэўна, не падтрымліваю. Пры чым тут выбары? Выбары ж нармалёва прайшлі...”

(Спадар: ) “Выбары не былі дэмакратычнымі – гэта любы разумны чалавек зразумее. Я лічу, што правільна, нельга выпускаць людзей, якія вядуць нячэсную гульню. І гэта трэба зразумець усім, тады будзе плюс і тады нешта тут зьменіцца”.

(Спадар: ) “На мой погляд патрэбныя яшчэ больш жорсткія меры, каб нашыя ўлады баяліся. Бо калі няма гэтага фактара страху, то яны могуць рабіць усялякія беззаконнасьці, што яны й робяць”.

(Спадар: ) “Як я гэта разумею? Гэта дэмакратычная краіна? Чаму яны забараняюць уезд? Дзе іхная дэмакратыя, няхай яны ў нас павучацца!”

(Юнак: ) “Падтрымліваю, як кажуць, абедзьвюма рукамі. Але, насамрэч, усе гэтыя санкцыі павінныя быць больш жорсткімі. Бо ім і так тут добра ў сваёй стайні сядзець”.

(Юнак: ) “Вельмі добра, што санкцыі прынятыя. Бо гэта нагадвае міжнароднай супольнасьці, што выбары не былі дэмакратычнымі. На жаль, гэта можа й ня мець нейкіх дакладных вынікаў, але гэта добры крок”.

Гл.таксама • Джордж Буш забараніў уезд у ЗША беларускім міністрам • Вінцук Вячорка прывітаў рашэньне Джорджа Буша
XS
SM
MD
LG