Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны заклапочаны абыходжаньнем зь беларускай апазыцыяй


Юры Сьвірко, Кіеў Пасьля ўчорашняга звароту трох прадстаўнікоў беларускай апазыцыі да спадара Юшчанкі паспрыяць міжнароднаму ціску на Расею ды заклікаў надаць палітычны прытулак шэрагу беларусаў на тэрыторыі Ўкраіны на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі міністра замежных справаў Барыса Тарасюка журналісты спыталіся, што можа зрабіць прэзыдэнт Віктар Юшчанка як пасярэднік паміж беларускімі ўладай і апазыцыяй.

Міністар Тарасюк адказаў гэтак:

(Тарасюк: ) “Я магу сказаць і пацьвердзіць, што прэзыдэнт Юшчанка выказваў гатоўнасьць быць пасярэднікам у стасунках паміж беларускай уладай і Эўрапейскім Зьвязам ды Захадам у цэлым. Што тычыцца пасярэдніцтва між беларускай уладай і апазыцыяй – мне невядома пра такі выступ”.

Варта дадаць, што яшчэ 12 траўня прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў інтэрвію польскай “Газэце выборчай” заявіў: “Беларуская ўлада павінна размаўляць з апазыцыяй. Украіна магла б зрабіць свой унёсак у гэты дыялёг як пасярэднік”. Украінскі пераклад гэтага тэксту быў зьмешчаны на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзыдэнта. Аднак, што да міжнароднага пасярэдніцтва з боку прэзыдэнта Ўкраіны паміж Менскам і Захадам Барыс Тарасюк заявіў:

(Тарасюк: ) “Такую прапанову прэзыдэнт Юшчанка выказаў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам у Казані ў жніўні мінулага году. Такая прапанова была прынятая з боку прэзыдэнта Лукашэнкі, мы чакаем адказу з боку Эўрапейскага Зьвязу”.

Барыс Тарасюк ухіліўся ад адказаў на пытаньні пра зварот беларускіх апазыцыянэраў да Віктара Юшчанкі.

Ён таксама нічога не сказаў пра палітычны прытулак, які ва Ўкраіне папрасілі некалькі беларусаў яшчэ летась у лютым, што ўкраінскае МЗС пацьвярджала. Сярод шукальнікаў прытулку быў жыхар Барысава Аляксандар Валчанін, які зьвярнуўся ва ўкраінскую амбасаду ў Менску. Сёньня кіраўнік МЗС Украіны паўтарыў тое, што ўжо шмат разоў казаў:

(Тарасюк: ) “Што тычыцца намераў беларускай апазыцыі, дык як дэмакратычная дзяржава, як улада, якая паўстала на хвалі дэмакратычных пратэстаў і сьцьвярджэньня дэмакратыі ва Ўкраіне, мы, вядома, выступаем за нармальны палітычны дыялёг з апазыцыяй у любой дзяржаве, паколькі самі былі ў апазыцыі – ведаем, што гэта такое. Таму гэта адпавядае міжнародным стандартам, міжнародным забавязаньням, і застаецца толькі пажадаць, каб беларуская ўлада пайшла менавіта такім дэмакратычным шляхам у зносінах з апазыцыяй”.

Міністар замежных справаў Украіны яшчэ раз заявіў, што пазыцыя афіцыйнага Кіева што да ацэнкі ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі супадае з пазыцыяй Эўропы, і гэта знаходзіла пацьверджаньне ў шэрагу дакумэнтаў Эўразьвязу, да якіх Украіна далучалася з красавіка 2005 году.

(Тарасюк: ) “Наша пазыцыя застаецца нязьменнай. Мы ня можам пагадзіцца зь цяперашнімі мэтадамі абыходжаньня з апазыцыяй, а тым больш з кандыдатамі на прэзыдэнта на выбарах у гэтай дзяржаве. Мы выступаем за выкананьне беларускай уладай усіх міжнародных забавязаньняў, якія яна прыняла ў рамках ААН, а таксама АБСЭ”.

Спадар Тарасюк таксама дадаў, што Ўкраіна зацікаўленая ў разьвіцьці Беларусі на шляху аб’яднаньня з дэмакратычнай Эўропай, і такія шанцы беларускі народ мае – гэта яго справа выкарыстаць гэты шанец, заявіў украінскі міністар.
XS
SM
MD
LG