Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары плошчы: Стас Пачобут (Deviation)


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне цягам акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх – гарадзенец Стас Пачобут, лідэр анархісцкага рок-гурту "Devіation".

Увесь тэрмін існаваньня намётавага лягеру Стас знаходзіўся на ягонай тэрыторыі. Кажа, найлепшым уражаньнем сталіся людзі, якія былі вакол гэтым часам. Дзякуючы асабістай духоўнай моцы кожнага лягчэй пераносіўся нават холад:

(Стас Пачобут: ) “Самым жахлівым было не спаць – асабліва цягам першых двух дзён. Можна было толькі прылегчы ў палатцы, але заснуць – не. Ну, што холад? Танчылі, пілі цёплае пітво – і нічога такога цяжкага…”

Стас здаўна выказвае свае грамадзянскія погляды, беручы актыўны ўдзел у акцыях пратэсту сёньняшняй уладзе. Таму стасункі зь міліцыяй у часе ліквідацыі намётавага лягеру яго зусім не ўразілі.

(Стас Пачобут: ) “Я ня думаю, што там было нешта новае. Мяне затрымліваюць час ад часу з 1994-га году… У 2000-м міліцыянты мне зламалі твар, я меў апэрацыю. На тле тых праблемаў пара пінкоў, пара ўдараў дубінай па сьпіне для мяне – нічога новага і нічога жахлівага”.

У той час, калі зьнішчалі намётавы лягер, брата Стаса, журналіста Андрэя Пачобута, толькі вызвалілі з-пад арышту ў Горадні. 13 сакавіка яго затрымалі ў Менску супрацоўнікі КДБ. Потым даставілі ў Горадню нібыта дзеля допыту і пасадзілі пад арышт. Акурат 23 сакавіка выпусьцілі і ён вярнуўся дахаты. Але ж пад вокнамі хаты чакалі супрацоўнікі міліцыі, гатовыя затрымаць пры кожнай магчымасьці. Андрэй кажа, што адрозна ад брата, ён быў вельмі ўражаны ўседазволам сілавых структураў і таму хваляваўся за фізычны стан Cтаса.

(Андрэй Пачобут: ) “Я ведаў, што Стас будзе ў намётавым лягеры яшчэ да таго, як гэты лягер зьявіўся. Я прытрымліваюся такіх самых поглядаў на рэчаіснасьць. Але я трохі нэрваваўся з-за той атмасфэры ўседазволу, у якой дзейнічала ўлада. Я баяўся, каб яго не пакалечылі. Ніхто з нас не прызвычаіўся да таго, каб правы маглі парушацца настолькі брутальна. Што міліцыя можа вось так проста біць”.

Хлопцы лічаць, што ім моцна пашанцавала мець салідарных зь імі і моцных духам бацькоў. Бо перажыць арышт аднаго сына, а сьледам – арышт другога, – цяжкае выпрабаваньне.

(Стас Пачобут: ) “Маці ўжо прывыкла з 1996 году дазнавацца часам пра мяне з эфіру Радыё Свабода. Бацька заўсёды быў салідарны. Пэўна, што ім было цяжка. Але калі пасадзілі ўжо – дык значыць, усё нармальна – значыцца, катаваньняў нейкіх ужо ня будзе. Больш страшна ім было, калі я на плошчы быў – бо незразумела, як улада будзе спыняць гэты наш пратэст”.

Пратэставаць Стас Пачобут працягваў і ў камэры Жодзінскага ізалятара.

(Стас Пачобут: ) “Усе трымалі галадоўку. Гэта было першы раз, калі гэткая супэрская камэра мне дасталася. Калі ўсе былі салідарныя, усе былі разам. Звычайна я галадаю адзін, або ўдвох… Яны хацелі, каб мы спынілі галадоўку – не пасаваў ім наш пратэст. Яны так нам ежу прапаноўвалі, паасобку да кожнага зьвяртаючыся: “А можа, Вам суп… А можа, Вам хаця б другое… А вось у нас тут гэткія катлеткі, тое-сёе…”

На погляд Стаса Пачобута, факт існаваньня пляцу Каліноўскага пасярод Кастрычніцкай плошчы сьведчыць пра новую хвалю імкненьня беларускага грамадзтва да новага жыцьця. Ён кажа: калі людзі здольныя самаарганізавацца, – яны здольныя арганізаваць і новы, лепшы дзяржаўны лад.
XS
SM
MD
LG