Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беласток на суд над беларускай "Нівай" едзе А.Мілінкевіч


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польская прэса піша пра вызваленьне Валера Леванеўскага, зварот беларускіх апазыцыянэраў да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі ды магчымае замарожваньне рахункаў беларускіх чыноўнікаў у краінах Эўразьвязу. З аглядам публікацыяў польскай прэсы – варшаўскі карэспандэнт "Свабоды".

“Gazeta Wyborcza” піша, што рахункі беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, мгуць быць замарожаныя ў найбліжэйшыя дні. Штодзёньнік называе гэты крок аб’яднанай Эўропы “адказам на парушэньні правоў чалавека і фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў”.

Камэнтатары, аднак, адзначаюць, што замарожваньне рахункаў гэта акцыя па вялікім рахунку сымбалічная, бо беларускія чыноўнікі маглі даўно да гэтага падрыхтавацца і надзейна схаваць свае грошы.

Апісваючы вызваленьне лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, польская прэса падкрэсьлівае, што ў калёніі яго зьбівалі і ўсяляк каралі за скаргі на парушэньні правоў зьняволеных, у прыватнсьці турэмныя ўлады не дазволілі палітвязьню наведаць магілу бацькі.

Між тым сёньня ў Беластоку будзе абвешчаны вырак у справе сяброў Праграмнай рады ці выдаўцоў тыднёвіка “Ніва” – гэта вядомыя дзеячы беларускай нацыянальнай меншасьці – навукоўцы, літаратары, выкладчыкі.

Пракуратура абвінавачвае іх у няправільным разьмеркаваньні буджэтных сродкаў з датацыяў на выданьне “Нівы”, але прызнае, што ніводзін грош з гэтых датацыяў ня быў скрадзены. Выдаўцы газэты лічаць сябе нявінаватымі і гавораць, што спрабавалі толькі забясьпечыць бесперапынны выхад тыднёвіка.

Пракурор запатрабаваў для іх розныя тэрміны зьняволеньня ўмоўна. На працэсе будуць прысутнічаць шэраг знаных польскіх і беларускіх палітыкаў, сярод якіх лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.
XS
SM
MD
LG