Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе выдадзеная энцыкляпэдыя “Беларускія залатары”?


Вячаслаў Кулік, Менск Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэньне аб дадатковым вырабе каштоўных памятных манэтаў мінулых гадоў. У галоўнай фінансавай установе краіны падкрэсьліваюць, што айчынныя калекцыі асаблівую цікавацьць выклікаюць за мяжой. Між тым, да сёньня гісторыя беларускага залатарства па-ранейшаму застаецца малавядомай.

У цяперашніх школьных падручніках Лазар Богша ўзгадваецца як знакаміты залатар Эўропы. Роўна 495 гадоў таму ён стварыў сьвятую рэч – крыж Эўфрасініі Полацкай. Дасьледчык айчыннай гісторыі Анатоль Цітоў даводзіць, што Лазар у Беларусі быў не адзіны знакаміты майстар.

(Цітоў: ) “Я адшукаў 1100 прозьвішчаў залатароў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі ад часу Лазара Богшы да пачатку ХХ-га стагодзьдзя. 15 гадоў зьбіраў зьвесткі для кнігі. І што мяне асабліва бянтэжыць? На сёньня толькі Беларусь й Альбанія ня маюць энцыкляпэдыяў па айчыннаму залатарству. Украіна выдала яшчэ ў 1970-я. Расея ўжо тройчы перавыдавала такія даведнікі. Літва й Латвія мелі іх яшчэ пры савецкай уладзе”.

Анатоль Цітоў кажа, што ўжо атрымаў больш як паўтысячы прыватных заявак на энцыкляпэдыю “Беларускія залатары”. Са словаў суразмоўцы, будучая кніга цікавіць таксама ювэліраў, якія занятыя ў дзяржаўных праектах. Напрыклад, начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Валеры Драздоў пацьвердзіў Радыё Свабода, што цяпер павялічваецца фонд для продажу каштоўных камянёў й ювэлірных вырабаў, ствараецца найвялікшая колькасьць залатых манэтаў.

(Драздоў: ) “Гэта не інвэстыцыйныя манэты, а памятныя. Таму яны каштуюць нашмат даражэй, чым мэталь, які выкарыстоўваецца для іхнага вырабу”.

Як паведаміў Анатоль Драздоў, у студзені-сакавіку Нацыянальны банк прадаў больш як 400 кіляграмаў золата – у зьлітках й вырабах. Паводле ацэнкі Нацбанку, сёлета аб”ём рэалізацыі найкаштоўнейшага мэталю больш як у два разы перывысіць узровень 2001 году. Здавалася б, што на хвалі ажыятажнага попыту варта аддаць належнае заснавальнікам беларускіх традыцыяў залатарства. Але вось што кажа пра вынікі звароту ў Нацыянальны банк Анатоль Цітоў.

(Цітоў: ) “Я прозьвішча называць ня буду. Не атрымаў падтрымкі й паразуменьня. Гэта звычка, якая цягнецца ад бальшавіцкіх гадоў. Прызвычаіліся, што беларусы – ніхто. Калі б я напісаў пра лапцюжнікаў й цымбалістаў – за гэта яны б схапіліся! Вось такое разуменьне, на жаль”.
XS
SM
MD
LG