Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі і сьвеце адзначаецца дзень салідарнасьці


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Беларусі і шмат дзе ў сьвеце зноў адзначаць Дзень беларускай салідарнасьці. Акцыя салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітычнымі вязьнямі, усімі змагарамі за свабоду ў Беларусі праходзіць 16-ы дзень кожнага месяца. Менавіта 16 верасьня 1999 году былі выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Арганізатары заклікаюць у гэты дзень а 8-ай гадзіне вечара выключыць сьвятло і запаліць сьвечкі ў вокнаў сваіх кватэр і дамоў.

З пяці чалавек складаецца сьпіс бясьсьледна зьніклых паводле палітычных прычынаў беларускіх апазыцыянэраў. Некалькі палітыкаў і журналістаў, уключна з Генадзем Карпенка, уваходзяць ў сьпіс памерлых пры загадкавых абставінах. А ў сьпісе вязьняў сумленьня ўжо 18 чалавек. Нагадаю, на пачатак году было толькі 6. Сярод вязьняў сумленьня Мікола Статкевіч, адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў, які адбывае ў Баранавічах “хімію” за пратэстную дэманстрацыю. Днямі ў камэндатуры спадару Статкевічу паабяцалі, што пададуць дакумэнты на яго датэрміновае вызваленьне, але празь дзень перадумалі. Жонка палітыка Валянціна пры размове не хавала расчараваньня. Пры гэтым ані слова шкадаваньня на бок мужа. Маё пытаньне адносна таго, што для яе азначае салідарнасьць зь вязьнямі сумленьня, падштурхнула Валянціну Статкевіч да ўспамінаў пра пачатак яго палітычнай кар’еры .

(Валянціна Статкевіч: ) “Пачалі гаварыць на палітычныя тэмы і раптам ён кажа, што будзе займацца палітыкай. Я адказала, што калі табе гэтая справа падабаецца і да душы, то і трэба гэтым займацца. То бок я не была ніколі супраць, хаця і ведала пэўна, што гэта будзе для мяне цяжка. І гэта так і аказалася. Але і супраць я ніколі не была. Я мужа падтрымліваю ў яго поглядах”.

Сапраўдную сілу салідарнасьці зьведалі толькі самі вязьні, кажа Валер Леванеўскі, вядомы апазыцыянэр, які пазаўчора выйшаў на волю пасьля двух гадоў турмы. Валер Леванеўскі перадаў словы удзячнасьці ўсім, хто яго падтрымліваў: апазыцыйным актывістам, журналістам, сябрам і сваякам. Паводле Валера Леванеўскага, без адчуваньня чалавечай салідарнасьці пражыць ў беларускай турме немагчыма.

(Леванеўскі: ) “Я пераканаўся, што закаранелых злачынцаў робіць адміністрацыя папраўчых установаў. Усё накіравана на тое, каб зьняважыць чалавека, загнаць углыбіню ягоныя праблемы, каб ён не перавыхаваўся, а , наадварот, азлобіўся на гэтае грамадзтва. Я бачыў, як людзей зьневажаюць, як робяць зь іх жывёлу”.

Валера Леванеўскага у Івацэвіцкай калёніі некалькі разоў трымалі ў ізалятары, зьбівалі, чынілі розныя правакацыі. Але ён не зламаўся. У калёніі пасьля Валера засталася бібліятэка і спартовы гарадок, якімі карыстаюцца ўсе вязьні. На іх стварэньне па закліку спадара Леванеўскага дасылалі кнігі й грошы неабыякавыя людзі з усёй Беларусі.

Нагадаю, ідэя Дня беларускай салідарнасьці нарадзілася летась пасьля 16 верасьня. Тады прыхільнікі апазыцыі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі зьніклых. Міліцыянты адабралі ў хлопцаў бел-чырвона-белы сьцяг і Мікіта Сасім з Баранавічаў падняў над натоўпам сваю джынсавую кашулю. Так джынс стаў сымбалем Дня салідарнасьці і пратэсту, які адзначаецца штомесяц, шаснаццатага чысла. Гэтым разам актывісты зьбяруцца з запаленымі сьвечкамі ля расейскай амбасады. На іх думку, Расея нясе адказнасьць за тое, што ў Беларусі узмацняюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG